|
|
У Менску абяцаюць найбуйнейшы джаз-фэст кантынента
"Джаз-клуб" і Канфедэрацыя прадпрымальніцтва абяцаюць у Менску найбуйнейшы джаз-фэст кантынента.
Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва выступіць партнёрам у правядзенні міжнароднага джаз-фэсту «Jazz in Minsk» сумесна з «Джаз-клубам» Яўгена Уладзімірава. Паводле Уладзіміра Карагіна, старшыні прэзідыума канфедэрацыі, джаз - мастацтва высокае ды элітарнае, таму бізнес яго і падтрымлівае дзеля выхавання густу аўдыторыі. Карагін паведаміў Рацыі, што першы фэст, што прайшоў у лістападзе 2012-га года, сур'ёзна падтрымаў асабіста тагачасны міністр культуры Павел Латушка. У гэтым годзе бізнесоўцы заручыліся падтрымкай міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
Паводле заснавальніка і кіраўніка «Джаз-клуба» Яўгена Уладзімірава, пералік зорак джазу, з якімі ўжо ёсць дамоўленасць на візіт у Менск, дазваляе сцвярджаць, што фэст сапраўды будзе сусветнага ўзроўню. Уладзіміраў пакуль не раскрывае персаналій фестывалю, але кажа, што ганарары музыкам сягаюць да 50.000 еўра.
- Наш «Джаз-клуб» здолеў стварыць першы ў нашай краіне і найбуйнешы, мяркуючы па выніках першага выпуску, у Еўропе фестываль «Jazz in Minsk». У тым, што другі фестываль, які пройдзе ў лістападзе, будзе самым буйным, няма сумненняў. Бо калі я пачну пералічваць зараз імёны мегазорак, з якімі мы ўжо дамовіліся, то ўсе скажуць: «Нічога сабе!»
Трэба дадаць, што кіраўнік прадпрымальніцкай арганізацыі гэтак захапіўся джазам, што з 1 мая «Джаз-клуб» Яўгена Уладзімірава з 17-гадовай гісторыяй зменіць назву і стане «Джаз-клубам Яўгена Уладзімірава & Уладзіміра Карагіна».
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя