Свет экслібрыса Леаніда Курыса

Свет экслібрыса Леаніда Курыса


Жыхароў Берасцейшчыны і Падляшша чакае новае знаёмства з экслібрысам. У Берасці, Пінску і Белай-Падлясцы пройдзе прэзентацыя экспазіцыі вядомага ў свеце экслібрысіста з Ізраіля Леаніда Курыса, які займаецца кніжным знакам больш 40 гадоў.

За арганізацыю ўзяліся берасцейцы: мастак-графік Аляксандр Грыгор’еў і былы старшыня гарадскога габрэйскага таварыства “Брыск” Барыс Брук.

Аляксандр Грыгор’еў кажа, што Курыс стварыў свой свет экслібрыса - ягоная калекцыя налічвае каля 30 тысяч кніжных знакаў:

- Ён займаецца экслібрысам з юнацтва, калекцыянуе працы малой формы графікі і экслібрыса. У ягонай калекцыі, калі мяне не падводзіць памяць, каля 30 тысяч кніжных знакаў. Леанід Курыс - выдатны мастак, выдатны чалавек. Прыедзе да нас у траўні і прывязе сваю калекцыю на выставу.

Прэзентаваць экспазіцыю Леаніда Курыса пачнуць у траўні з Берасця, калі ў горад над Бугам наведаецца сам экслібрысіст з Ізраіля. Пасля будзе Пінск і завершыцца ўсё ў Белай-Падлясцы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя