|
|
З дапамогаю відэа дзяліліся сваёй творчасцю ў Берасці людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Сваю працу завершыў II Фестываль кароткаметражных фільмаў “Погляд”. Яго асноўныя ўдзельнікі - людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія праз творчасць праяўляюць сябе, шукаюць месца ў грамадстве і распавядаюць пра свае праблемы.
Усяго ў фестывалі прымала ўдзел 18 прац, з іх 15 атрымалі дыпломы ў розных намінацыях і катэгорыях.
Сябра журы Мікалай Кавалёў распавёў пра тое, якім чынам былі вызначаныя лепшыя працы:
- Асноўны крытэрый – паказаць і расказаць нам тэму. Калі тэма была да нас данесена дакладна – то праца атрымалася. Значыць, праца ўдалася. Некаторыя заяўлялі адно – а на самой справе мы бачылі іншае. Або мы проста бачылі нейкае відэа з агучкай, але мы не разумелі, што гэта. Зразумела, такія працы ў намінацыю не трапляюць. Трапяюць тыя працы, якія цэльна нам расказалі пра свае праблемы.
Таксама ў фестывалі мелі магчымасць паўдзельнічаць шэраговыя грамадзяне. Адзіная ўмова – відэа павінна было адлюстроўваць праблематыку з жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Арганізатары мерапрыемства - гэта грамадскае аб’яднанне “Інвалід і асяроддзе” сумесна з цэнтрам тэрытарыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна горада Берасця.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце