|
|
Лепшых маладых паэтаў адзначылі ў горадзе над Бугам
Чытанне вершаў адбылося ў рамках Конкурсу юнацкай паэзіі-2013, што ладзіцца пры падтрымцы Дзён беларускай і шведскай літаратуры. Першае месца падзялілі Яўгенія Пракапчук з горада Ганцавічы і Юлія Капуза з Берасця.
Яўгенія Пракапчук расказала пра тое, што яе верш быў прысвечаны адному з самых блізкіх для яе людзей:
- Гэты верш прысвечаны маёй бабулі Пракапчук Антаніне. Я яе вельмі люблю. Калі мы прыязджаем з маёй старэйшай сястрой да бабулі, то яна нам заўсёды гаворыць: «Ведаеце, калі вы прыязджаеце да мяне, то мне хоць весялей. А калі вас няма, я радыё ўключаю. У мяне, акрамя сям'і, больш нікога няма». Я вельмі жадала перамагчы, але ж не думала, што перамога будзе маёй. І я ёй вельмі рада.
На другім і трэцім месцы апынуліся маладыя берасцейскія літаратаркі Дар’я Барадзінчык і Вікторыя Чарапко адпаведна.
Асноўныя мерапрыемствы ў рамках Дзён беларускай і шведскай літаратуры пройдуць ва ўкраінскім горадзе Львове з 17 па 19 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце