|
|
Усевалад Сцебурака пра новы зборнік Галіны Каржанеўскай
Калі пры ўзгадцы слова “аўтабіяграфія” вы ўяўляеце сабе сухі і строгі пералік датаў і падзей, то вашыя папярэднія ўяўленні даволі істотна пацерпяць, як толькі вы возьмеце ў рукі кнігу Галіны Каржанеўскай “Што варта радасці і слёз”.
Кніга спадарыні Каржанеўскай сталася не проста фіксацыяй рэальных падзеяў з асабістага жыцця і лёсу сямейнікаў ды землякоў, але і іх праекцыяй ва ўнутраным свеце чалавека і творцы.
Асаблівасцю кнігі з’яўляецца выкарыстанне розных літаратурных жанраў – паэзіі і прозы, якія дапаўняюць адзін аднога і надаюць тэксту адпаведныя аўтарскай задуме адценні, ды лірычную ці, наадварот, рэалістычна-гістарычную афарбоўку.
Па задуме аўтара ў кнізе структурна выдзеленыя дзве часткі. Асобна адлюстраваныя два перыяды жыцця – ранні, звязаны са Случчынай, і пазнейшы – злучаны з Лагойшчынай, дзе спадарыня Каржанеўская жыла ў весцы Янушкавічы і настаўнічала ў мястэчку Плешчаніцы.
Першая частка праводзіць чытача сцежкамі дзяцінства Галіны Каржанеўскай, што праляглі па слуцкіх маляўнічых палетках і, здаецца, дагэтуль памятаюць дотыкі босых ног і гукі дзіцячага смеху малечы. Менавіта роднай старонцы прысвечаныя шчырыя і цеплыя радкі першага верша з назваю “Вянок удзячнасці”:
Я пачуць хаваць не прывучана.
Ты любоў мая, Случчына!
Перад намі паўстаюць карціны з мінулага родных мясцінаў паэткі – пачатак стагоддзя, гады рэвалюцыі, міжваенны час – карціны, у якіх вялікія падзеі, знітаваныя непарыўнай сувяззю з лёсамі простых беларускіх сялянаў. З пяшчотаю і цеплынёй узгадваюцца тут блізкія і бацькі:
Колькі радасці той на вяку!
І хоць добра знаёмы са стратамі,
Ад касмічнага скразняку
Засланяюць нас
мамы з татамі.
У другой частцы кнігі спадарыня Каржанеўская вядзе расповед пра той этап свайго жыцця, які звязаны з яшчэ адным кутком Міншчыны – з Лагойшчынай, куды пераехала сям’я паэткі і дзе пані Галіна зрабіла першыя самастойныя крокі ў жыцці – скончыла школу, пачала настаўнічаць, пабралася шлюбам, нарадзіла дзіця і выдала сваю першую кнігу. І нягледзячы на тое, што далейшы лёс аўтаркі быў звязаны з Мінскам, па яе ўласных словах, “Плешчаніцы на дзясяткі гадоў сталі месцам прыцягнення для нашай сям’і.” Вершаваную частку другога раздзелу распачынае “Вянок сталення”, радкі якога ёсці і квінтэсэнцыяй роздумаў паэткі і назваю кнігі:
Што перадумана і сцверджана,
Што варта радасці і слёз,
Што ў марах выпешчана – тое,
Заўжды жывое і святое.
Кніга цёплых успамінаў Галіны Каржанеўскай сталася не толькі данінай павагі ўласнаму роду, але і ўсім землякам ды знаёмцам, з якімі лёс звёў паэтку.
Каржанеўская, Г. "Што варта радасці і слёз..." : біяграфія ў вершах і нарысах / Галіна Каржанеўская. -- Мінск : Кнігазбор, 2013. -- 100 с. -- (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" ; вып. 34).
Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org