Здымкамі па гонары й годнасьці

Здымкамі па гонары й годнасьці


Конкурс “Прэс-фота Беларусі” атрымаў нечаканы паварот.

Першы альбом са здымкамі пареможцаў конкурсу быў затрыманы КДБ. Альбому пагражае статус “экстрымісцкага матэрыялу”.

Конкурс інцыяваны з мэтай падтрымаць і спрыяць у разьвіцьці прафэсійнага прэс-фотамастацтва ў Беларусі. Яшчэ адной мэтай конкурсу зьяўляецца фармуляваньне высокіх прафэсійных стандартаў у фотажурналістыцы ў Беларусі. Што тычыцца вышыні “стандартаў”, то ініцыятары конкурсу нечакана не знайшлі разуменьня з боку дзяржаўных органаў. У лістападзе міну лага году памежныя службы канфіскавалі сорак асобнікаў альбому ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча.

На патрабаваньні вярнуць канфіскаваныя альбомы, Ашманяская мытня адказала, што “друкаваная прадукцыя прызнаецца незаконнай і падлягае зьнішчэньню”. Прычыны гэтага рашэньня патлумачыла Гарадзенскае КДБ, якае зьвярнулася ў у суд з патрабаваньнем прызнаць альбом “экстрымісцкім матэрыялам”. Сёньня Ашмянскі раённы суд пачаў разгляд справы. Пра судовы працэс мала што вядома, ён ідзе ў закрытым рэжыме, а аўтарам пагражае зьнішчэньне накладу, кажа Наста Лойка з праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Наста Лойка: Гэта грамадзянскі працэс, таму ў выніку пазытыўнага рашэньня будуць зьнішчаныя гэтыя альбомы, забароняць распаўсюд ды новы друк. Самім ускладальнікам ніякай адказнасьці не накладаецца, але калі яны будуць надалей яго распаўсюджваць, то іх змогуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за распаўсюд экстрымісцкіх матэрыялаў.

Аргумэнтацыя КДБ наступная. Фотаальбом “Прэс-фота Беларусі” ўтрымлівае “наўмысна скажоныя, не адпавядаючыя рэчаіснасьці матэрыялы аб жыцьцядзейнасьці Рэспублікі Беларусь, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасьць грамадзян. Беларускім уладам не ўпершыню прыкрывацца гонарам грамадзян ды бачыць дыскрымінацыю ў розных праявах свабоднай творчасьці, кажа аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: Гэта эксцэс хутчэй зьвязаны з асаблівасьцямі функцыянаваньня беларускай дзяржаўнай машыны. Таму што большая частка гэтага альбому вольна разышлася па краіне без аніякіх моцных эмоцый з боку ідэалягічных цэрбэраў, а на мытні, калі затрымалі машыну ды знайшлі асобнікі – спрацаваў рэфлекс рэпрэсіўнага рэжыму. Быў бы альбом, то бок нейкая непадцэнзурная творчасьць, артыкул знойдзецца. Яны знайшлі артыкул, які тычыцца экстрэмізму. Ужо былі такія прэцэдэнты, калі дыскі ды часопіс “Архэ” абвяшчаліся экстрымісцкай прадукцыяй. Але яны спускаліся на тармазах.

Хаця гэтая справа можа мець іншае, больш празаічнае дно, зазначае экспэрт.

Аляксандар Класкоўскі: Нібыта ўжо зьнішчаны гэтыя асобнікі, і цяпер трэба, каб неяк гэта апраўдаць і правесьці працэс. Праз тое, што фатографы сталі патрабаваць назад адабраныя асобнікі, і быў зладжаны гэты працэс.

На судзе прысутнічалі прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацый: юрыст Гары Паганяйла з БХК і намесьнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Гэтыя арганізацыі неаднаразова выказвалі падтрымку аўтарам альбому й заклікалі ўлады адклікаць пазоў, бо фотаздымкі не ствараюць, а толькі ілюструюць рэчаіснасьць. Аднак іх заклікі не былі пачутыя. Аб тым, як праходзіў працэс, распавядае юрыст Гары Пагяняйла.

Гары Паганяйла: У мяне працэс выклікаў нэгатыўную рэакцыю. Таму што ўсе асноўныя хадайніцтвы судзьдзя адхіліў, у тым ліку аб правядзеньні комплекснай экспэртызы ды вызаве ў суд удзельнікаў камісіі, якія далі заключэньне, што альбом утрымлівае экстрэмісцкія матэрыялы. Пасьпешліва правёў судовае сьледзтва і на заўтра прызначыў абвяшчэньне прысуду. Можна ўявіць, што рашэньне будзе прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы з альбому.

Канчатковае рашэньне будзе абвешчана заўтра а 16-й гадзіне.

падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё