Заклікаю беларусаў у Беларусі размаўляць на роднай мове

Заклікаю беларусаў у Беларусі размаўляць на роднай мове


У Беласток на 20-годдзе кафедры беларускай філалогіі ў мясцовым універсітэце прыехалі госці з Менска, Гародні, а таксама з польскіх ВНУ, дзе вывучаецца беларуская мова – Варшавы і Любліна. У Польшчы беларускую мову вывучаюць не толькі этнічныя беларусы, кажа кіраўнік кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта доктар Ніна Баршчэўская.

- Сапраўды, калі гаварыць пра беларускую адукацыю на Падляшшы, то яна існавала вельмі даўно. Спачатку на Падляшшы нават усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Я сама яшчэ хадзіла ў такую школу, дзе матэматыка і іншыя прадметы выкладаліся па-беларуску, і змены адбыліся недзе ў 1964-1965 гадах, калі беларуская мова стала толькі дадатковым прадметам. Вучні перайшлі на навучанне на польскай мове. Быў у Польшчы такі неспрыяльны перыяд, калі дзяржава старалася збудаваць аднанацыянальнае грамадства. Тады беларусы змагаліся за сваю мову. Памятаю, былі нават прапановы стварыць культурную аўтаномію на Падляшшы.

Зразумела, што ў 50-я гады разам з адлігай у Польшчы з’явілася магчымасць і для развіцця беларускай мовы не толькі ў школах пачатковых і сярэдніх, але і ва ўніверсітэце. 1956 год – гэта менавіта той год, калі ўзнікла беларуская філалогія ў Варшаўскім універсітэце. Што, зразумела, спрыяла пашырэнню пытанняў беларусазнаўства не толькі сярод беларускага грамадства на Падляшшы, але і сярод польскага грамадства. Пачаліся апрацоўкі мовы, даследаванні беларускіх гаворак на Падляшшы. Думаю, што гэта вельмі важна, таму што на сённяшні дзень беларусістыка сапраўды вельмі добра развітая ў Польшчы. Мяркую, што яна значна лепей развівалася б у Польшчы, калі б і ў самой Беларусі былі лепшыя ўмовы для беларускай мовы. Таму што мы заўважаем вельмі простую залежнасць: зацікаўленасць пытаннямі беларускай мовы і беларусазнаўства ў Польшчы расце тады, калі відаць, што беларуская мова патрэбная ў самой Рэспубліцы Беларусь. Цяпер студэнты заўважаюць, што не абавязкова ведаць беларускую мову, каб размаўляць на ёй у Беларусі.

РР: Але беларускую мову варта ведаць, калі ты лічыш сябе адукаваным чалавекам. Калі беларуская мова з’явілася ў польскіх універсітэтах, калі з’явіліся навукоўцы, якія пачалі яе прафесійна вывучаць, ці сведчыць гэта пра паляпшэнне статуса беларускай мовы ў Польшчы, бо ў расійскай мове было большае зацікаўленне?

Ніна Баршчэўская: Расійская мова была абавязковай у часы ПНР у школах. І ўся моладзь расійскую мову вывучала так, як зараз вывучае ангельскую. У дачыненні да беларускай мовы сітуацыя зараз сапраўды змянілася, бо раней яе вывучала моладзь беларускай нацыянальнасці, альбо моладзь, якая паходзіла з Падляшша. Зараз беларускай мовай цікавіцца моладзь з Цэнтральнай Польшчы, якая ніколі раней гэтай мовы не вывучала. Гэта вялікі плюс, што нашы выпускнікі – карэнныя палякі, ведаюць беларускую мову, вывучаюць яе, цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Цяпер у Польшчы адбываецца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі, і маладыя палякі размаўляюць з беларусамі па-беларуску, што вельмі здзіўляе апошніх, якія, на жаль, не ведаюць роднай мовы. Гэта для нас усіх на Падляшшы і ўвогуле ўсіх беларусаў Польшчы вельмі балюча. Таму заклікаю беларусаў у Беларусі размаўляць на беларускай мове, шанаваць сваю культуру і традыцыі. Бо гэта ўсё будзе спрыяць і адраджаць у нейкай ступені беларускасць у Польшчы. Гэта абсалютна нармальны, здаровы падыход, калі моладзь разумее, што трэба ведаць не толькі сваю мову, але і мову суседняй дзяржавы. Зразумела, што дзяржаўнай мовай Беларусі павінна быць беларуская мова, таму што гэта мова тытульнай нацыі. І вельмі важна, што менавіта польская моладзь гэта разумее. І вельмі хацелася б, каб не толькі грамадства Беларусі, але і ўлады Беларусі, ад якіх вельмі шмат залежыць, таксама зразумелі, што свае каштоўнасці, а несумненна мова з’яўляецца такой каштоўнасцю, трэба шанаваць.

У Беластоцкім універсітэце сёлета кафедра беларускай філалогіі адзначае сваё 20-годдзе. За гэты час факультэт закончылі шмат асобаў, якія і сёння працуюць на беларускай ніве не толькі на Падляшшы, але і па ўсёй Польшчы.

З доктарам Нінай Баршчэўскай гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота mediakritika.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя