Анджэй Пісальнік атрымаў прэмію за асьвятленьне жыцьця польскай дыяспары ў Беларусі.
Гарадзенскі журналіст Анджэй Пісальнік атрымаў узнагароду імя Мацея Плажыньскага — прэмію для журналістаў, якія асьвятляюць жыцьцё польскіх дыяспар. Пісальнік стаў найлепшым у катэгорыі «Журналіст палянійнага СМІ». Ягоныя артыкулы ў газеце «Rzeczpospolita» і ў выданьнях неафіцыйнага Саюзу палякаў «Magazyn Polski» i «Głos znad Niemna» адзначылі за прафэсіяналізм і ўзьняцьцё важных пытаньняў для польскай супольнасьці ў Беларусі: пытаньняў доступу да польскай адукацыі, свабоды дзейнасьці Саюзу палякаў, а таксама за дакумэнтаваньне спадчыны. Узнагарода прызнаецца за дзейнасьць у папярэднім годзе.
Мы папрасілі Анджэя Пісальніка распавесьці, якім чынам адбываецца конкурс, хто вылучае кандыдатаў на ўзнагароду?
А.Пісальнік: Наколькі мне вядома, кожны можна вылучыць кандыдата. Нават сам кандыдат можа сябе вылучыць. Пазьней журы выбірае сярод кандыдатаў. Мяне вылучыла польскае консульства ў Горадні. Я вельмі рады, што мяне дацанілі.
Як вам паведамілі пра тое, што вас адзначылі?
А.Пісальнік: Мне патэлефанаваў прадстаўнік «Press Club Polska», арганізацыі-суфундатара ўзнагароды. Ён павіншаваў мяне з тым, што мне прызналі ўзнагароду.
У вас былі нейкія адметныя артыкулы ці вас узнагародзілі за агул дзейнасьці?
А.Пісальнік: Па-мойму, журы мяне адзначыла за сэрыю артыкулаў у штодзёнку „Rzeczpospolita” пра сытуацыю вакол польскай школы, пра спробы русыфікаваць яе. Я быў першым журналістам, які паведаміў пра гэта ў Польшчы. Дзякуючы намаганьням бацькоў вучняў гэтай школы пазгрозу русыфікацыі школы ўдалося прадухіліць. Улады зразумелі, што гэтага ня ўдасца разыграць па-ціху. У абгрунтаваньні намінацыі згадвалася і „дакумэнтаваньне мінуўшчыны”. Гэта, відаць, пра рэпартаж з Накрышак. Я ў ім апісаў, як праваслаўны сьвятар захоўвае за муром царквы помнік 10-годзьдзя Незалежнасьці Польшчы. Гэта ўнікальны выпадак, калі праваслаўны сьвятар так апякуецца нейкім рэліктам польскай мінуўшчыны, помнікам з часоў, калі Накрышкі былі ў складзе Польшчы. Гэта была вельмі пазытыўная тэма пра Беларусь, бо пра Беларусь звычайна пішуць адмоўнае.
Апроч статуэткі для ляўрэатаў узнагароды прадугледжаная грашовая прэмія.
А.Пісальнік: Так пішуць.
Вы ўжо ведаеце, на што яе прызначыце?
А.Пісальнік: Ня ведаю. Жыцьцё такое, што грошы могуць спатрэбіцца ў любы момант.
Віншуем вас з унагародай.
Журналісты ў межах узнагароды атрымліваюць статуэтку і грашовую прэмію. Афіцыйнае ўручэньне адзнак адбудзецца 20 красавіка 2013 г. у г. Гдыня.
Сёлета конкурс праходзіў у другі раз, у ім удзельнічалі 80 журналістаў з 18 краін сьвету.
***
Актывіст антыкамуністычнай апазыцыі, маршалак Сэйму, віцэ-маршалак Сэнату, старшыня таварыства «Wspólnota Polska» Мацей Плажыньскі загінуў 10 красавіка 2010 г. у авіякатастрофе пад Смаленскам. У яго памяць заснавалі прэмію для журналістаў, якія пішуць пра палякаў за межамі Польшчы, паколькі значную частку свайго жыцьця Мацей Плажыньскі прысьвяціў будаваньню сувязі паміж дыяспарамі і роднай краінай.
эб