С. Калінкіна: На маю думку, ён ратуе самога сябе
Госцем эфіру Рацыі была шэф-рэдактар "Народнай волі" Святлана Калінкіна, якая між іншага выказалася на тэму сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Яраслава Раманчука.
– Думаю, што ўладам зараз вельмі важна, каб большасць кандыдатаў у прэзідэнты выступілі супраць тых, хто нібыта арганізаваў тыя падзеі, якія былі ўчора, і таму пад розным выглядам яны ціснуць і на Алеся Міхалевіча, як ужо вядома, ціснулі на Кастусёва, на Уса. На Раманчука, а разумею, таксама. І Раманчук у гэтым сэнсе аказаўся самым падатлівым, ён, апусціўшы вочы ў стол, зачытваў з паперкі тое, што яму напісалі. Гэта на самой справе такая зразумелая, але прыкрая сітуацыя, калі чалавек ратуе сваю скуру, бо ён быў адным з тых, хто заклікаў людзей на Плошчу, і, напэўна, зараз вельмі перапалохаўся, што можа за гэта панесці адказнасць.
РР: А ці такія паводзіны могуць быць, калі арыштаваны і сядзіць Лябедзька – паплечнік Раманчука?
– Такія паводзіны асабіста ў мяне выклікаюць толькі абурэнне, але Раманчук у сваіх тлумачэннях, што ён абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам, прыпамінае і Лябедзьку, і мне сустракаліся і такія яго тлумачэнні, маўляў яму стала вядома, што будуць закрытыя ўсе партыі, лідары якіх былі на Плошчы, і таму ён ратуе партыю.
На мой погляд ён ратуе проста самога сябе, бо ў дадзеных умовах яшчэ і весці перамовы наконт нейкай будучай працы, ну, гэта проста... гэта проста здрада.
Гутарка поўнасцю ў прыкладзеным аўдыёфайле.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя.