Ці беларускія выкладчыкі сасьпелі для пратэсту?

Ці беларускія выкладчыкі сасьпелі для пратэсту?


 Пратэст ў Гарадзенскім унівэрсытэце, беларуска-арабскае супрацоўніцтва й перавод Купалаўскага тэатра на камэрцыйныя рэйкі – у “Палітычным люстэрку”.

Ці ўдасца Менску наладзіць супрацоўніцтва з арабскімі краінамі? Чаму Аляксандар Лукашэнка палохае інтэлігентаў рынкам і ці трэба чакаць хвалі абурэньня ў беларускіх ВНУ? Адказы на гэтыя пытаньні шукаюць у “Палітычным люстэрку” Павал Усаў і Аляксандар Папко.

28 сакавіка Аляксандар Лукашэнка завершыў турнэ па Паўднёва-Ўсходняй Азіі ды Блізкім Усходзе. Апошняй кропкай яго паездкі сталі Арабскія эміраты. На сустрэчы з міністрам унутраных справаў гэтай блізкаўсходняй манархіі кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што яму падабаецца, што Арабскія Эміраты не ставяць Менску ніякіх палітычных умоваў. Аляксандар Лукашэнка спадзяецца , што Беларусь стане “лягістычнай базай” Арабскіх Эміратаў у Эўропе. У апошнія гады Беларусь спрабуе разьвіваць адносіны з арабскім сьветам – Катарам, Аманам, ААЭ, Саудаўскай Аравіяй. Ці бачныя вынікі гэтага супрацоўніцтва?

П. Усаў: Замежная палітыка Лукашэнкі даволі дзіўная, як і яго ўяўленьні пра сьвет. Ён думае, што Беларусь патрэбная такім краінам, як Кітай, Арабскія Эміраты, Катар, якія добра супрацоўнічаюць зь Вялікабрытаніяй, Францыяй ці Нямеччынай ужо некалькі дзесяткаў гадоў. Дзіўныя лябісты ў постаці Лукашэнкі гэтым краінам не патрэбныя. Так што рэальнага эканамічнага плёну гэтыя візыты не прынясуць. Ніводнага буйнога праекта з арабскімі краінамі ў Беларусі не было рэалізавана. Нават будаўнічы кантракт з Катарам быў разарваны й завершыўся нічым.

29 лютага кіраўнік Беларусі наведаў рэканструяваны Купалаўскі тэатр у Менску. Нечакана Лукашэнка вырашыў справакаваць артыстаў і запрапанаваў перавесьці нацыянальны тэатр на самафінансаваньне. Выслухаўшы кіраўніцтва тэатра, ён задаў рытарычнае пытаньне: “Значыць яны не гатовыя, як на Захадзе, зарабляць грошы на сваё існаваньне?” Чаму Аляксандар Лукашэнка не асабліва патрабуе самаакупнасьці ад прадпрыемстваў, а раптам запатрабаваў яе ад тэатру? Можа, ён проста ў чарговы раз вырашыў папалохаць апазыцыйных інтэлігентаў і ўсіх грамадзянаў “страшным Захадам”?

П. Усаў: Тэатры й кінастудыі ў Беларусі – дзяржаўныя ўстановы. За аднаго боку яны ня могуць праяўляць ініцыятывы, каб самім фармаваць свой рэпэртуар і прыцягваць больш гледачоў, а зь іншага боку - яны залежныя ад дзяржаўнага фінансаваньня. Такім чынам, дзейнасьць навукі й культуры ў Беларусі паралізуецца. Яскравы прыклад гэтага – кінастудыя “Беларусьфільм”. Там ня могуць быць рэалізаваныя яскравыя камэрцыйныя праекты, бо ёсьць шматлікія ідэалягічныя абмежаваньні. Таму ўся рыторыка Лукашэнкі пра самафінансаваньне – проста абсурдная. За апошнія гады ўзровень навукі й культуры ў Беларусі моцна панізіўся. Першая прычына – існаваньне адміністрацыйных і ідэалягічных перашкодаў. Другая прычына заключаецца ў тым, што самыя таленавітыя людзі масава выяжджаюць за мяжу – перадусім у Расею.

31 сакавіка міністры замежных справаў Турцыі й Беларусі падпісалі дамову аб бязьвізавым руху. Хуткая адмена візаў палегчыць жыцьцё перадусім турэцкім грамадзянам. Ім больш ня трэба будзе плаціць 60 эўра і чакаць афіцыйнага запрашэньня. Ці варта чакаць з Турцыі прыходу бізнэсмэнаў? А можа ў Беларусь прыедзе больш высакаякасных будаўнікоў ці... жаніхоў?

П. Усаў: Гэтае рашэньне не прывядзе да масавага наплыву ў Беларусь туркаў, калі нехта гэтага баіцца. Грамадзянаў Турцыі прывабліваюць заходнія краіны – перадусім Нямеччына. Шмат якія аб’екты ў Беларусі сапраўды будуюцца турэцкімі спэцыялістамі, але Беларусь не зьяўляецца ані стратэгічным партнэрам Турцыі, ані краінай, куды яны намагаліся б патрапіць.

31 сакавіка выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэта Ігар Кузьмініч напісаў адкрыты ліст кіраўніку вобласьці Сямёну Шапіру. Выкладчык вырашыў звольніцца ў адказ на палітычны перасьлед яго і ягоных калегаў. “Якую эліту можа выхаваць загнаны, як той воўк, выкладчык? Ён можа выхаваць заторканага, няўпэўненага ў сабе баязьліўца, ня здольнага ня толькі самастойна прымаць рашэньні, але й нават думаць самастойна, ” – напісаў перад звальненьнем Ігар Кузьмініч. Ці можна сказаць, што чаша цярплівасьці навукоўцаў перапоўненая? Ці перастаюць яны баяцца начальства й ці не пачнуць выказваць сваю незадаволенасьць?

П. Усаў: Заява Ігара Кузьмініча – гэта ўчынак абсалютна адзінкавы. Працаўнікі сыстэмы вышэйшай адукацыі ў большасьці сваёй бесхрыбетныя. Яны ня маюць ані ўласных поглядаў, ані палітычнай ці грамадзянскай пазыцыі. “Чысткі” гэтай сыстэмы працягваліся не адзін год. Нават тыя выкладчыкі, якія не заганяюць студэнтаў на датэрміновае галасаваньне, проста баяцца выказваць свае думкі. Выкладчыкі ды інтэлігенцыя будуць самай апошняй сацыяльнай групай у Беларусі, якая пачне змагацца за палітычныя й грамадзянскія правы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё