|
|
У Беластоцкім універсітэце адзначылі 20-годдзе беларускага філфаку
Беларуская філалогія ў Беластоку адсвяткавала сваё 20-годдзе. На мерапрыемства прыехалі выкладчыкі з Польшчы і Беларусі, дзе супольна падводзілі вынікі развіцця беларускай філалогіі ў Польшчы.
Прысутнічаў таксама і заснавальнік беларусістыкі ў Беластоку, прафесар Міхал Кандрацюк:
- Я падумаў, што калі мы знаходзімся побач з беларускай мяжой, і самы беларусы, то мы апрача рускай мовы, павінныя ведаць і беларускую мову, культуру і літаратуру.
У час сустрэчы прысутныя паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю, героямі якой сталі выпускнікі беларускай філалогіі. З артыстычнай праграмай выступілі вучні з непублічнай пачатковай школы імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку, ды ліцэісты з Гайнаўкі.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Польскія студэнты зацікавяцца беларускай мовай тады, калі яна стане патрэбнай самім беларусам. Пра гэта казалі ў час адзначэння 20-ых угодкаў кафедры беларускай філалогіі ў Беластоцкім універсітэце.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак упэўнены, што дзейнасць гэтай кафедры жывіць асяродак нацыянальнай меншасці на Падляшшы:
- Кафедра беларускай філалогіі мае вельмі добрае апірышча ў беларускім школьніцтве, нейкіх культурных імпрэзах, у культурнай дзейнасці, у грамадскіх арганізацыях беларускай скіраванасці, якіх тут існуе больш за 20-ць.
Моладзь не заўсёды бачыць сэнс вывучаць мову, якой у Беларусі карыстаюцца не шматлікія, заўважае загадчыца кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту Ніна Баршчэўская:
- Зацікаўленне да беларускай мовы, да беларусазнаўства ў Польшчы вырасце тады, калі будзе бачна, што беларуская мова патрэбная ў самой Беларусі, так было на самым пачатку ўзнікнення незалежнай Рэспублікі Беларусь. Цяпер сітуацыя выглядае па-іншаму, крыху горш, бо студэнты заўважаюць, што не абавязкова ведаць беларускую мову.
Пры гэтым, паводле Ніны Баршчэўскай, беларускую мову часцей сталі выбіраць карэнныя палякі, а не прадстаўнікі беларускай меншасці ў Польшчы. Яны гэта робяць з прагматычных прычынаў, напрыклад, каб весці бізнес у Беларусі, альбо ведаць дадатковую, славянскую мову.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя