Выйшла апошняя частка “Атласу ўсходне-славянскіх гаворак Беласточчыны”

Выйшла апошняя частка “Атласу ўсходне-славянскіх гаворак Беласточчыны”


Выйшла з друку апошняя частка “Атласу ўсходне-славянскіх гаворак Беласточчыны”. У Галоўнай кнігарні імя Баляслава Пруса ў Варшаве адбылася прэзентацыя чацвёртага тому публікацыі, прысвечанага словаўтварэнню.

Паводле суаўтаркі “Атласу”, прафесара Эльжбеты Смулковай, гаворкі часткі тэрыторыі Беласточчыны навукова апісаныя ўпершыню:

- Для паўночнай часткі, ад Нарвы да Аўгустоўскага канала, мы зусім не мелі ніякіх матэрыялаў, акрамя карты “беларускага племені” Карскага з 1903 года. Трэба было зрабіць карэктуру, трэба было аб’ехаць вёску за вёскай, каб паглядзець, дзе яшчэ захоўваецца беларуская гаворка.

Матэрыялы для напісання ўсіх частак “Атласу” збіраліся больш за 50 гадоў, сярод яго стваральнікаў былі вядомыя польскія мовазнаўцы.

Пасля прэзентацыі ў Галоўнай кнігарні, можна было паглядзець спектакль “Ой даўно, даўно. Беларускія гісторыі з Падляшша” ў выкананні маладых актораў пад кіраўніцтвам беластоцкай настаўніцы Аліны Ваўранюк.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя