|
|
У Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага адкрылася выстава мясцовага мастака Васіля Грыневіча пад назвай “Родныя краявіды Слонімшчыны”.
Выставу адкрыла дырэктар музея Наталля Рыжак, якая адзначыла, што жывапісныя і графічныя творы Васіля Грыневіча прысвечаныя нашай роднай зямлі, яе прыродзе і помнікам. А мастак Яўген Іванаў дадаў, што “Васіль Грыневіч – мастак-рэаліст, яго творы вельмі шчырыя і блізкія нам, слонімцам, бо адсюль мы родам, добра ведаем сваю маленькую радзіму”.
Сам мастак у час адкрыцця шмат не казаў, а адзначыў, што тое, пра што ён хоча расказаць – адлюстравана на яго карцінах. Дарэчы, мінулым летам слонімскія мастакі, у тым ліку і Васіль Грыневіч, наладзілі на Слонімшчыне першы мастацкі пленэр. Яны завіталі ў аддаленую вёску Старая Перавалока і некалькі дзён там працавалі з мальбертам і фарбамі.
Гэта не першая выстава карцін слонімца Васіля Грыневіча. Яго творы выстаўляліся не толькі ў родным горадзе, але і ў Менску, Гародні, іншых гарадах Беларусі. Сталая выстава мастака экспануецца ў гарадской бібліятэцы №4 Слоніма.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім