У Гародні спрабуюць прыпыніць імгненне

У Гародні спрабуюць прыпыніць імгненне


Гарадзенская грамадская ініцыятыва “Варштат ідэй” правяла першую акцыю “Прыпыні імгненне”. У ёй прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек.

Удзельнікам трэба сфатаграфаваць каля 300 будынкаў, ці мясцінаў, якія занесены ў спіс гістарычных каштоўнасцяў, кажа адзін з удзельнікаў Ігар Ламека:

- Кожнаму з удзельнікаў неабходна сфатаграфаваць гэтыя будынкі, пажадана так, каб быў бачны стан. Гэта не толькі мастацкія фотаздымкі, але сваеасаблівая фіксацыя стану будынкаў. Гэта стане такой свайго кшталту картатэкай, такім часавым зрэзам стану ўсіх гэтых помнікаў гісторыі і культуры на сённяшні дзень. У далейшым можна праводзіць свайго кшталту маніторынг, у нас будзе зрэз, у якім стане будынкі на сённяшні дзень, як яны выглядаюць, якія архітэктурныя элементы прысутнічаюць.

Па выніках акцыі будзе створана інтэрактыўная мапа, дзе будуць пазначаны зафіксаваныя аб’екты. Яны, на думку актывістаў “Варштата ідэй”, будуць увесь час папаўняцца.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя