|
|
На некаторых каменных намагільных плітах напісы зробленыя па-беларуску, але арабскай вязьзю.
У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” тыдзень таму я распавёў вам, паважаныя радыёслухачы, пра татарскую вёску Крушыняны. Сёньня, сябры, зноўку пройдзем па шляху польскіх татараў і на нашых радыёхвалях наведаем вёску Багонікі. Яна разьмешчана недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, у Сакольскім павеце Падляскага ваяводзтва. Гэтая цікавая мясьціна, так як і Крушыняны, зьяўляецца прыкладам перапляценьня традыцый і мірнага суіснаваньня трох культур: лацінскай, візантыйскай і мусульманскай. Тут цягам вякоў побач жылі беларусы, палякі й татары.
Паводле пісьмовых крыніцаў, Багонікі былі заснаваныя ў 70-ыя гады 17-га стагодзьдзя. Ротмістр Алееўскі атрымаў вёску ад караля польскага й вялікага князя літоўскага Яна Трэцяга Сабескага за верную службу. Нагадаю, што ў тыя часы, а таксама пазьней у войску былі татарскія фармаваньні, а самі татарскія воіны на полю боя адзначаліся вялікай сьмеласьцю ды адданнасьцю. У 1679 годзе ў Багоніках ды ваколіцы пасяліліся 30 татарскіх сямей. У 1717 годзе ў вёсцы была пабудаваная мячэць, якая стаіць і па сёньняшні дзень, праўда, у сакральным аб’екце на працягу стагодзьдзяў былі праведзеныя рамонты ды рэканструкцыі. У 1789 годзе ў Багоніках існавалі тры фальваркі ды пяць невялікіх шляхецкіх татарскіх гаспадарак, а колькасьць татарскага насельніцтва складала 46 чалавек. У 1921 годзе ў Багоніках пражывалі толькі 26 татараў. Дарэчы, мячэць унесеная ў сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны й прыцягвае ў вёску мусульман ды турыстаў.
На жаль, на сёньняшні дзень колькасьць татарскага насельніцтва ў Багоніках невялікая – тут пражываюць 14 татараў, а сама вёска налічвае 30 двароў. Дарэчы, некаторыя вуліцы Багонікаў выкладзены брукам, і такое ўражаньне, што знаходзішся нібыта не на пачатку 21-га стагодзьдзя, а раней, прынамсі на некалькі дзясяткаў гадоў. У вёсцы таксама існуе мізар – мусульманскія могілкі, якія ахоўваюцца дзяржавай, і стварэньне якіх датуецца таксама канцом 17-га стагодзьдзя. Дарэчы, на некаторых каменных намагільных плітах напісы зробленыя па-беларуску, але арабскай вязьзю – гэта так, як пісаліся аль-кітабы.
Багонікі, хоць і невялікая вёска, добра вядомая турыстам. З году ў год павялічваецца іх колькасьць. Сюды яны прыяжджаюць ня толькі для таго, каб пазнаёміцца са спадчынай польскіх татараў, але й каб пакаштаваць татарскіх страваў, які можна замовіць у вясковых татарскіх жанчын. У Багоніках таксама адбываюцца мусульманскія сьвяты ды татарскія балі, традыцыя якіх паходзіць зь Віленшчыны й сягае 19-га стагодзьдзя. І тады ў Багоніках можна пачуць ня толькі польскую, беларускую, татарскую, але й арабскую й асманскую мовы.
Валеры Саўко