|
|
„Таямніцы праваслаўя” (pl. Misteria prawosławia) - гэта загаловак выставы фотаздымкаў аўтарства Марыюша Відэрыньскага, фатографа, выкладчыка ВНУ й тэарэтыка фатаграфіі.
Экспазыцыя складваецца з больш за сто фатаграфій, якія раскрываюць чароўны сьвет праваслаўя. Гэта царкоўная архітэктура, іконы, праваслаўныя літургічныя ўборы, але таксама элемэнты падляскага ляндшафту ды, перш за ўсё, засяроджаныя на малітве вернікі. Усё гэта можна ўбачыць у Дзяржаўным этнаграфічным музэі ў Варшаве.
Глыбіня, калярыт, ладан – чароўны сьвет праваслаўя. Марыюш Відэрыньскі ня ўтойвае свайго абсалютнага захапленьня прaваслаўем. На большасьці здымкаў паказаныя эпізоды з жыцьця праваслаўных Падляша, зь якім аўтар зьвязаны сямейнай ды эмацыйнай сувязьзю, ды куды ён ахвотна вяртаецца.
Марыюш Відэрыньскі: Ёсьць некалькі важных для мяне месцаў. Зразумела, вельмі важнай зьяўляецца Сьвятая гара Грабарка, але таксама скіт у Адынках. Гэта для мяне вельмі чароўнае месца. Я вельмі перажываю сустрэчу з айцом Габрыелям. Апрача таго, я вельмі люблю набажэнствы ў саборы ў Беластоку… Калі толькі магу, прабываю менавіта ў Беластоку й Супрасьлі.
Экспазыцыя ў Этнаграфічным музэі складваецца з 130 здымкаў. Гэта ня ўсе з цыклу, прысьвечанага тэме. На варшаўскую выставу аўтару прыйшлося зрабіць адборку.
Марыюш Відэрыньскі: Ключ адборкі быў просты: літургічны год, то бок - пачынаецца нараджэньнем, а заканчваецца сьмерцю. Ляндшафты, якія таксама на выставе знаходзяцца, гэта свайго роду перапынак. Яны зьмешчаны, каб гледач мог адпачыць пасьля сузіраньня вельмі сур’ёзных здымкаў. Яны зьмешчаны на выставе невыпадкова.
Праект „Таямніцы праваслаўя” папярэджвала шматгадовая падрыхтоўка аўтара. Гаворка ідзе ня толькі пра фатаграфічнае майстэрства. Прыйшлося пераадолець унутраныя бар’еры перад парушэньнем настолькі інтымнай сфэры чалавечага жыцьця – веравызнаньня, - падкрэсьлівае фатограф.
Марыюш Відэрыньскі: Я хацеў паказаць Царкву праз прызму эмоцыяў людзей – вернікаў. Як гэта ўдалося? Гэта таксама для мяне загадка. Гэта вялікі крэдыт даверу, які я атрымаў ад вернікаў… За гэта я вельмі ўдзячны. Былі толькі адзінкавыя выпадкі, калі ў мяне прасілі не здымаць. Усё ж найбольш сумневаў паяўлялася ў мяне самога. Паднесьці руку з апаратам і зрабіць здымак, калі ў цішыні сьвятыні, сярод заглыбленых ў малітве вернікаў, гэта гучыць амаль як выбух - для мяне вялікі стрэс, якога я пакуль не пераадолеў.
Тым часам пераадольваньне ўласнай псыхікі - гэта адно. Іншая справа, гэта тэхнічныя складанасьці месцаў, у якіх былі зробленыя здымкі, - кажа Марыюш Відэрыньскі.
Марыюш Відэрыньскі: Сапраўды, гэта скрайне складаныя ўмовы. Яны патрабуюць ад фатографа й ведаў, і досьведу. Робячы гэтыя здымкі, я ніколі не карыстаўся ўспышкай ды ніякім дадатковым асьвятленьнем ці штатывам. Тут трэба ведаць, як падчас рэалізацыі дадзенага здымка выкарыстаць сьціплае сьвятло.
- сказаў Марыюш Відэрыньскі.
Здымкі з цыклу „Таямніцы праваслаўя”, якія можам паглядзець у Этнаграфічным музэі ў Варшаве, ужо паказваліся публіцы, - кажа каардынатар экспазыцыі Павал Матвейчук.
Павал Матвейчук: Гэтая выстава ўжо некалькі разоў паказвалася. Яна прэзэнтавалася ў Грузіі (у Тбілісі), а таксама ў Беластоку. Плянуецца таксама паказ у некалькіх краінах Заходняй Эўропы. У сваю чаргу тое, што цяпер можам убачыць у Дзяржаўным этнаграфічным музэі, гэта выключная, рарытэтная ейная вэрсія. Кожны раз аўтар стварае іншую кампазыцыю й паказвае здымкі па-другому.
Экспазыцыя ў Варшаве адкрылся на пачатку красавіка. Павал Матвейчук дзеліцца з намі першымі рэакцыямі гледачоў.
Павал Матвейчук: Камэнтары вельмі цёплыя. Шмат асобаў падкрэсьліваюць, што гэта важная выстава. Яны кажуць, што на выставе, якая наладжана ў сьвецкай, музэйнай установе, адчуваюць сябе як у царкве. Гледачы - гэта ж ня толькі асобы праваслаўнага веравызнаньня, але настрой гэтай выставы можна параўнаць з тым, што адчуваецца падчас царкоўнай літургіі.
Дарэчы, гэты настрой ствараюць ня толькі здымкі, але таксама сьвятло й музычнае суправаджэньне выставы.
Павал Матвейчук: Так, зразумела. Музыка, асабліва ў жыцьці Праваслаўнай царквы, выконвае важную ролю, паколькі чалавечы голас – гэта, скажам так, адзіны інструмэнт, які дазваляецца падчас набажэнства. Таму хоры, якія, гледзячы выставу, можна слухаць, спасылаюцца на паасобныя царкоўныя сьвяты. Гэта дазваляе нам лепш уявіць сабе ўвесь гэты цыкл, які вернікі перажываюць цягам літургічнага года.
- сказаў каардынатар экспазыцыі Павал Матвейчук.
Нагадаем, выставу фотаздымкаў Марыюша Відэрыньскага ў Дзяржаўным этнаграфічным музэі ў Варшаве можна глядзець да 30 красавіка. Сардэчна запрашаем.
*Марыюш Відэрыньскі - фатограф, аніматар, унівэрсытэцкі выкладчык і тэарэтык фатаграфіі. Па першапачатковай адукацыі геоляг, але яго захапленьне й прафэсія - гэта фатаграфія. Яго работы паказваліся ў многіх індывідуальных і калектыўных выставах у Польшчы й за мяжой. Ён займаецца таксама ілюстрацыйнай фатаграфіяй і графікай. Аўтар амаль 30 альбомаў. Арганізатар фатаграфічных сэмінараў. Чалец журы й рэцэнзэнт фатаграфіі ў нацыянальных і міжнародных конкурсах.
З 1978 года ён зьяўляецца актыўным выратавальніка Горнай добраахвотнай хуткай дапамогі (GOPR) і гідам па гарах Бэскідах.
*ethnomuseum.pl
Размаўляла Анна Задрожна