Праўду пра Катынь данесьлі сьвету польскія пісьменьнікі

Праўду пра Катынь данесьлі сьвету польскія пісьменьнікі


70 гадоў таму немцы афіцыйна паведамілі пра адрыцьцё масавых магіл польскіх афіцэраў у Катыні.

Першымі, хто заявіў, што за гэтае злачынства адказвае СССР, былі пісьменьнікі, якія ўдзельнічалі ў эксгумацыі. За крытыку афіцыйный вэрсіі, што за забойства адказваюць немцы, у сацылістычнай Польшчы яны былі абвінавачаныя ў калябарацыі з нацыстамі й сталі публічнымі ворагамі ўладаў Польскай Народнай Рэспублікі.

Пра ўдзел пісьменьнікаў у адкрыцьці праўды пра Катынь у інтэрвію Польскаму радыё распавёў прафэсар Інстытуту літаратурных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук Уладзімеж Балецкі.

Для немцаў было вельмі важна, каб сьведкамі эксгумацыі целаў польскіх афіцэраў у Катыні былі незалежныя польскія назіральнікі, найлепш з інтэлектуальных колаў. Дасьледчык прыгадвае гістарычны кантэкст гэтай справы.

В. Балецкі: На пачатку 1943 году, недзе ў лютым, да нямецкіх войскаў, якія знаходзяцца ў ваколіцах Смаленска, зьвяртаецца расеец Іван Крывазерцаў. Ён распавядае, што ў катыньскім лесе пахаваныя расстраляныя польскія афіцэры. Немцы пачынаюць праверку. Калі інфармацыя пацьвярджаецца, то яны прымаюць рашэньне апублікаваць яе. І каб у гэта паверылі, немцам былі патрэбныя сьведкі адкрыцьця магіл.

З гэтай мэтай у Катынь прыбываюць міжнародныя групы, у склад якіх уваходзяць вядомыя асобы, якія ўплываюць на фармаваньне грамадзкай думкі.

В. Балецкі: Немцы прапануюць наведаць Катынь аднаму з самых вядомых польскіх пісьменьнікаў, старшыні ПЭН-клюбу, сябру польскай Акадэміі літаратуры Фэрдынанду Гэтэлю. Гэтэль, узгадніўшы візыт з польскім падпольлем, 10 красавіка едзе ў Катынь. Разам зь ім у групе - пісьменьнік Ян Эміль Скіўскі. Разумеючы далікатнасьць сытуацыі, Фэрдынанд Гэтэль прыязджае ў Катынь. Ён ведае, што нельга дазволіць, каб нямецкая прапаганда выкарыстала яго ў сваіх мэтах. Пасьля вяртаньня ў Польшчу Гэтэль адназначна заяўляе, што за катынскае злачынства адказваюць НКВДысты.

У апошняй групе палякаў, якая ў траўні 1943 году прысутнічала пры эксгумацыі катынскіх магіл, быў Юзаф Мацкевіч. Паводле прафэсара Балецкага, менавіта Мацкевіч зьяўляецца самым галоўным сьведкам раскрыцьця катынскага злачынства.

В. Балецкі: Па адукацыі Мацкевіч прыродазнаўца, вядомы рэпартэр, як і Гэтэль, але ў яго быў выключны талент запамінаць і аналізаваць дэталі. У Катынь ён накіроўваецца з дазволу Арміі Краёвай у Вільні. Рапарт зь візыту ён пазьней перадае ўладам падпольля. Юзаф Мацкевіч дае інтэрвію калябарацыйнай газэце “Goniec Codzienny”, якая на той момант была адзінай крыніцай інфармацыі на Віленшчыне. Інтэрвію пад назвай “Я бачыў на ўласныя вочы” пабачыла сьвет 3 чэрвеня 1943 года і ў ім адназначна гаворыцца пра злачынства НКВД супраць зьніклых польскіх афіцэраў.

Пасьля публікацы гэтага інтэрвію Мацкевіча абвінавацілі ў супрацы зь немцамі й нават спрабавалі яго забіць. І ён, і Гэтэль, сталі публічнымі ворагамі. Ім нічога не заставалася, як пакінуць Польшчу.

В. Балецкі: І Юзаф Мацкевіч, і Фэрдынанд Гэтэль сталі цэльлю для камуністаў. Яны цудоўна разумелі, што калі яны трапяць ў рукі НКВД, то савецкі суд прысудзіць іх да растрэлу. 17 студзеня 1945 года Мацкевіч уцякае з Кракава ад савецкіх войскаў. Гэтэль некалькі месяцаў хаваўся ў адным з кракаўскіх кляштараў, але потым уцякае ў Лёндан, пакінуўшы ў Польшчы сям’ю.

Дзякуючы двум кнігам Мацкевіча - “Катынскае злачынства ў дакумэнтах” і “Справа катынскага злачынства” – інфармацыя пра катынскую трагедыю стала вядомай ва ўсім сьвеце.

В. Балецкі: Толькі дзякуючы эміграцыйным пісьменьнікам удалося захаваць у гэтай памяці веды, а ня толькі памяць пра катынскае злачынства. У самой Польшчы толькі некалькі пісьменьнікаў адважыліся пісаць пра гэта, але й то пры дапамозе эўфэмізмаў. Гэта, канешне, Зьбігнеў Гэрбэрт і яго славуты верш “Гузікі”, а напрыканцы 60-ых Уладзімеж Адаеўскі спрабаваў напісаць пра гэта раман. Раман у выніку так і ня выдалі, а аўтар застаўся на Захадзе.

Пра ўдзел пісьменьнікаў у адкрыцьці праўды пра Катынь у інтэрвію Польскаму радыё распавёў прафэсар Інстытуту літаратурных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук Уладзімеж Балецкі.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё