|
|
Два гады таму, 11 красавіка 2011, у выніку тэракту ў мінскім метро загінулі пятнаццаць чалавек, пацярпелі больш за дзвесце. Тыя, хто стаў сведкам тых падзей, але ацалеў па волі выпадку, апынуўшыся ля станцыі Кастрычніцкая ў момант трагедыі, ніколі не змогуць пазбыцца жаху. Светлая памяць загінулым, шчырыя спачуванні пацярпелым, іх родным і блізкім.
Памяці загінулых у мінскім метро
Называй ты гэта як хочаш.
Цяжкая туга ці чуйная роспач,
чуццё, пачуццё ці голас крыві,
бо прыйдзе само – заві не заві.
Ісці за ім след у след – галоўнае,
бо калі завіруха ў галовах – не
ўратавацца – хіба што спёкай у сэрцы,
пясчынкай у пустцы ці птушкай у клетцы,
хоць і смага ад зноў не прамоўленых слоў.
У сутве не хапае ні сноў, ні слёз,
а стае толькі –
рэха ад слоў,
прорваў ад сноў,
солі ад слёз.
Ды не знаеш: ці ў вырай вярнуцца,
ці з віра напіцца,
ці жвірам засыпацца.
Перабіраеш горы драбніцаў.
Гора драбніцца.
18 красавіка 2011
Віка Трэнас
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"