|
|
У Гародні за адзін дзень сфатаграфуюць усе архітэктурныя помнікі
Грамадская ініцыятыва па ахове помнікаў з Гародні “Варштат ідэй” рыхтуецца да правядзення акцыі па фатаграфаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў свайго горада. У сувязі з магчымым пераходам іх у рукі інвестараў, важна, на думку актывісткі ініцыятывы Таццяны Касатай, сістэматызаваць гэтыя помнікі.
Таццяна Касатая:
- У горадзе знаходзіцца больш чым 300 помнікаў. Усе іх мы паспрабуем сфатаграфаваць у адзін дзень. Гэта будзе першая падобная агульнагарадская акцыя. А потым мы будзем іх максімальна візуалізаваць. У якой форме? Можа гэта будзе мапа, можа – віртуальны каталог. Пакуль гэта мы пакінем у сакрэце. Уладам мы пакуль не будзем гэта дасылаць. Усё гэта будзе адкрыта для грамадскасці. То бок гэта ўсё будзе змешчана ў інтэрнэце на віртуальнай, інтэрактыўнай мапе.
Акцыя пройдзе ў гэтую суботу, 13-га красавіка. “Варштат ідэй” спадзяецца прыцягнуць такім чанам новых людзей да асэнсавання праблем архітэктурных помнікаў. Паводле арганізатараў, задача акцыі разлічана на грамадства, а не на ўлады. Адмысловая інтэрактыўная мапа, якая паўстане пасля фота-фіксавання гарадзенцамі аб’ектаў, будзе ўвесь час папаўняцца, як новымі, так і архіўнамі здымкамі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня