Надзея Артымовіч: Ён быў эрудытам у найлепшым значэнні гэтага слова

Надзея Артымовіч: Ён быў эрудытам у найлепшым значэнні гэтага слова


"Нават калі загіне свет – застанецца музыка, паэзія і дабрыня," - так пра заснавальніка "Нівы" і першага яе рэдактара гаворыць Надзея Арымовіч. Паэтка дэбютавала на старонках газеты для беларусаў Польшчы 43 гады таму, калі тыднёвік ўзначальваў светлай памяці Георгій Валкавыцкі.

Надзея Артымовіч:

- 43 гады – гэта шмат часу. Вялікі час у жыцці чалавека. 43 гады доўжылася маё знаёмства з галоўным рэдактарам “Нівы” Георгіем Валкавыцкім. Я дэбютавала 2 красавіка 1970 года ў “Ніве”. Тэкст быў напісаны раней. Я тады працавала ў Варшаве і недзе ў канцы лютага вырашыла паслаць гэта ў “Ніву”. Не ведала, што здарыцца. І раптам перада мной “Ніва”. Я купяла яе ў "Эмпіку” ў цэнтры Варшавы. І гляджу: дэбют, мой верш. Вялікія эмоцыі. Перажыванні. Я не ведала тады, што здарылася. І праз некалькі дзён я прыехала ў “Ніву”, рэдакцыя тады знаходзілася на Весялоўскага, 1. Я пазнаёмілася асабіста з рэдактарам. Размова была не шматслоўная. Практычна некалькі слоў. Яна датычыла агульных рэчаў: што ёсць тэкстам, што ёсць вершам, што ёсць паэзіяй, што ёсць мовай. Галоўны рэдактар рабіў націск, што аўтар мае адзін сродак выяўлення – мову. Ён цаніў аўтараў, якія дасканала валодалі беларускай мовай. Гэтая першая размова была для мяне вельмі важнай, таму што з перспектывы часу свайго жыцця думаю, што яна акрэсліла ні толькі поле маёй літаратурнай працы. У 80-90-ыя гады я даволі часта прыязджала з Варшавы, дзе вучылася, а пасля доўгі час працавала, у Беласток. Мэта мая была адна – крокі я кіравала толькі ў рэдакцыю “Нівы”, у беларускі свет, добры свет. Натуральна, адбываліся размовы з галоўным рэдактарам. Гэта для мяне было вельмі важным і цікавым, таму што я ведала, што ён атрымаў выдатную літаратурную адукацыю ў Маскве. Ён дасканала арыентаваўся не толькі ў беларускай літаратуры, але ў рускай і польскай. Вынікала, што ён многіх аўтараў з гэтых вельмі розных літаратур ведаў асабіста. Гэта вельмі важна. Спадар рэдактар быў цікавай асобай. Ён быў эрудытам у найлепшым значэнні гэтага слова. Ён, на маю думку, меў знакаміты густ, смак у літаратуры. І што важнае, ён быў адкрыты на аўтараў, якія эксперыментавалі з новымі формамі вершаскладання.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя