Л. Тарасэвіч: Калі існуе культура, тады існуе і Беларусь

Бібліятэкар

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
22.09.2010 г.


Госцем нашага эфіру быў Лявон Тарасэвіч – сусветна вядомы мастак, ураджэнец Падляшша, які ніколі не хаваў і не хавае таго, што ён беларус. Беларускасць і стала адным з пытанняў, з якім да мастака звярнулася Радыё Рацыя.

РР: Ці краіна Беларусь спрабавала выкарыстаць твой аўтарытэт як мастака, які заяўляе "так, я беларус", ці былі нейкія спробы з боку Міністэрства культуры запрасіць цябе да супрацоўніцтва?

– Я не падкрэсліваю таго, што я – беларус. У мяне гэта нармальнасць і я лічу, што так павінна быць. Калі нехта піша, што ён паляк, то ніхто на гэта не звяртае ўвагу. Я сваёй беларускасці не схаваў у сваім жыццяпісе і таму, мабыць, іншыя звяртаюць на гэта ўвагу. Тут у нас, на Падляшшы, такую дэкларацыю ўспрымаюць як маніфестацыю. (...) Пакуль няма беларускай краіны, таму нам трэба будаваць яе ў нашым інтэлекце, тады яна будзе сама па сабе існаваць – калі існуе культура, тады існуе і Беларусь. (...) Сама ведаеш, якая тая Беларусь – калі я меў выставу ў Мінску, то Міністэрствы замежных спраў Польшчы і Беларусі абмяняліся пратэстацыйнымі нотамі. Цяжка, каб гэтая дзяржава чагосьці хацела ад мяне, бо ёй самой беларускасць перашкаджае – і культура, і інтэлект, ды ўсё, што звязана з мастацтвам. З другога ж боку – калі ў Беларусі выдаюць кнігу пра беларускі жывапіс, дык я ў гэтай кнізе знаходжуся. Значыць, у кругах, якія нармальна сябе паводзяць у нацыянальным вымярэнні – нічога не трэба тлумачыць і паказваць. Я са здзіўленнем заўважыў, што некалькі гадоў ужо не ездзіў у Беларусь, але, калі сустракаешся з людзьмі на Беласточчыне, якія ствараюць беларускую культуру тут, дык якая розніца па які яны бок мяжы...

Лёнік Тарасэвіч нядаўна стаў аўтарам лагатыпу Падляшскага ваяводства. Цяпер па просьбе ваяводскіх уладаў творца рыхтуе ў Беластоку новую мастацкую ініцыятыву.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя