|
|
Выдатны польскі кампазітар і дырыжор Кшыштаф Пэндэрэцкі ўзнагароджаны ганаровай адзнакай Падляшскага ваяводства. Падчас візіту ў Беласток музыка атрымаў узнагароду ад маршалка Яраслава Дважанскага.
Сёлета спаўняецца 80-ая гадавіна з дня нараджэння гэтага сусветна вядомага кампазітара. З гэтай нагоды хор Падляшскай оперы і філармоніі запісвае твор “Powiało na mnie morze snów” на музыку Пэндэрэцкага. Падчас канферэнцыі ў оперы Кшыштаф Пэндэрэцкі прыгадаў пра свае сувязі з Падляшшам і царкоўнай музыкай:
- Як вядома я пішу не толькі пра каталіцкую музыку, але таксама і аб праваслаўнай. Не так даўно я рабіў старацаркоўную версію “De Profundis”. 22 мая ў Гайнаўцы гэты твор будзе выкананы.
Прэм’ера трэцяй часткі араторыі “Сем брамаў Іерусаліма” “De Profundis” у перакладзе на царкоўнаславянскую мову адбудзецца падчас фестывалю царкоўнай музыкі “Гайнаўка 2013” у маі. Ганаровым патронам мерапрыемства з’яўляецца Кшыштаф Пэндэрэцкі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара