Прыклад беларускасці ад дзетак другога класа

Уладзімір Вялічкін


Дзеткі беларускамоўнага 2 “Б” класа пачатковай школы № 34 горада Берасця паказалі прыклад беларускасці дарослым у краязнаўчым музеі Берасцейскага педагагічнага ўніверсітэта імя Пушкіна, кажа бацька аднаго з вучняў Уладзімір Вялічкін:

- Экскурсія адбылася на беларускай мове. Але самае цікавае, што калі дзеткі з’явіліся ва ўніверсітэце і загаманілі паміж сабой на роднай мове, то прадаўшчыцы, якія гандлявалі канцтаварамі, пачалі дапытвацца ў іх, адкуль яны прыехалі. А дзеткі ім годна адказалі: “Беларусы мы! Берасцейскія.”

Па словах Уладзіміра Вялічкіна, экскурсія дзецям моцна спадабалася. Яны пазнаёміліся з жывёльным светам і даведаліся, што ў Берасці нават чарапахі водзяцца. А асабліва радаваліся, што экскурсавод размаўляў з імі на адной мове.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя