Крушыняны - "сталіца" польскіх татараў

Крушыняны - "сталіца" польскіх татараў


Крушыняны - прыклад перапляценьня традыцый і мірнага суіснаваньня лацінскай, візантыйскай і мусульманскай культур.

А сёньня, сябры, у нашым радыёпадарожжы наведаем вёску Крушыняны, разьмешчаную недалёка ад беларуска-польскай мяжы. Гэта цікавая мясьціна зьяўляецца прыкладам перапляценьня традыцый і мірнага суіснаваньня трох культур: лацінскай, візантыйскай і мусульманскай.

Крушыняны разьмешчаны на трасе ў бок памежнага аўтапераходу “Бераставіца - Баброўнікі” на беларуска-польскай мяжы. Ад шашы ў вёску – каля 7-і кілямэтраў.

Паводле пісьмовых крыніцаў, Крушыняны былі заснаваныя ў 16-м стагодзьдзі. 12 сакавіка 1679 году польскі кароль і вялікі князь літоўскі Ян Трэці Сабескі перадаў Крушыняны й ваколічныя вёскі ва ўладаньне татарам, якія служылі ў каралеўскім войску. Менавіта ў Крушынянах пасяліўся палкоўнік Самуэль Мурза Кшэчоўскі, які выратаваў Яну Трэцяму Сабескаму жыцьцё падчас адной зь бітваў. Дарэчы, на шляху на паседжаньне шляхецкага Сэйму ў Горадні манарх затрымаўся ў гасьцях у палкоўніка Кшэчоўскага.
У мінулыя гады Крушыняны былі буйным мусульманскім цэнтрам. Менавіта тут пісаліся аль-кітабы – мусульманскія тэксты на беларускай мове, напісаныя арабскай вязьзю. Справа ў тым, што ў выніку асіміляцыі татары забылі мову, але арабскае пісьмо захавалі. Дарэчы, і па сёньняшні дзень у Крушынянах побач жывуць польскія татары, беларусы й палякі.

У Крушынянах у добрым стане захавалася дзейсная драўляная мячэць з 18-га стагодзьдзя, мусульманскія могілкі – мізар, а найстарэйшыя нагробныя пліты датуюцца канцом 18-га стагодзьдзя. Акрамя таго, у Крушынянах можна сустрэць прыклад вясковай архітэктуры, характэрнай для таго рэгіёну, з пачатку 20-га стагодзьдзя.
У Крушынянах ёсьць бадай што адна ў цэлай Польшчы татарская карчма, а таксама агратурыстычная сядзіба “Татарская юрта”, дзе гаспадары частуюць гасьцей сапраўднымі татарскімі стравамі, рэцэптура якіх перадаецца з пакаленьня на пакаленьне. І ўвогуле, вёсачка добра дагледжаная, чыстая й прыязная для гасьцей. І з году ў год павялічваецца колькасьць турыстаў, якія сюды прыяжджаюць, каб пазнаёміцца з жыцьцём польскіх татараў.

На Беласточчыне ёсьць іншая падобная татарская вёска – Багонікі, дзе знаходзіцца мячэнь з 1717 году. Аднак у ёй, на жаль, у выніку асіміляцыі ды перамяшчэньня насельніцтва засталіся толькі 4 татарскія сям’і.

Валеры Саўко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё