|
|
Мінула 30 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш. У эфіры Радыё Рацыя пра выбітную паэтку нашым слухачам расказаў даследчык літаратурнай спадчына Ларысы Геніюш - Міхась Скобла.
РР: Відавочна, што імя Ларысы Геніюш застанецца ў беларускай літаратуры, але цяпер мерапрыемствы ў гонар выбітнай паэткі праходзяць у напаўлегальных умовах. Асоба Ларысы Геніюш – у чым яе несупадзенне з ідэалогіяй той палітычнай сістэмы, кая існуе зараз у Беларусі?
Міхась Скобла: Творчасць Геніюш – нацыянальнастваральная па сваёй сутнасці, а сучасная дзяржаўная ідэалогія скіраваная на разбурэнне беларускай нацыі. Гэта як любоў, якая не супадае з нянавісцю, як праўда, якая не можа супасці з хлуснёй. У сённяшняй беларускай улады яскрава праяўляюцца рудыменты савецкасці: і гімн у нас савецкі, і сцяг вернуты. “Сталіназаўры”, як называла іх Ларыса Геніюш, перыядычна з’яўляюцца ў нас. І “Лінію Сталіна” яны аднавілі, і помнікі тырану ставяць. Вось гэтыя “сталіназаўры” і перашкаджаюць ушанаванню памяці паэткі. Яны сарвалі мемарыяльныя дошкі ў гонар Геніюш, выкінулі яе творы са школьнай праграмы. Я зразумеў адну рэч - па адносінах дзяржаўнай улады да Ларысы Геніюш можна вызначыць характар гэтай улады. І калі Геніюш для яе непрымальная, то гэтая ўлада проста антынацыянальная. Першым крокам сапраўды беларускай улады стане рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці.
РР: Перашкаджае цяперашнім уладам праўдзівасць паэзіі Геніюш, тое, што яна расказвала пра жыццё ў савецкія часы?
Міхась Скобла: Менавіта за гэта “сталіназаўры” яе на дух не пераносяць!
РР: Вы казалі пра яе юрыдычную рэабілітацыю. Вядома, што грамадскія арганізацыі неаднойчы хадайнічалі перад Вярхоўным судом. Што б змянілася, калі б яе рэабілітавалі?
Міхась Скобла: Сама Геніюш тройчы падавала такія заявы. Тыя адказы, якія мы зараз атрымоўваем, літаральна спісаныя з тых, што атрымала Ларыса Геніюш у 60-я гады. Ужо пяць разоў у незалежнай Беларусі былі спробы таго, каб яе крымінальную справу перагледзелі, але безвынікова. У 1999 годзе пра Геніюш выказаўся цяперашні кіраўнік краіны: “Я разабраўся са складаным лёсам Ларысы Геніюш”. Вось ён сказаў, як звязаў. І гэты вузел ніхто не адважыцца развязаць. Мне бачыцца прычына ў гэтым.
Я думаю, што галоўнае – гэта любоў народа. Яна не рэгламентуецца нейкімі дзяржаўнымі ці юрыдычнымі актамі. Ларыса Геніюш – вялікая нацыянальная паэтка. Яна будзіць нацыянальнае сумленне, і яе значнасць будзе з цягам часу толькі ўзрастаць незалежна ад таго, будзе яна юрыдычна рэабілітаваная ці не.
РР: Няўжо доўга нам чакаць таго часу, калі можна будзе адкрыта прыйсці і пакланіцца памяці Ларысы Геніюш?
Міхась Скобла: Думаю, што ніхто і сёння не замінае нам гэта зрабіць. Я маю на ўвазе найперш месца яе пахавання – гэта Зэльвенскія могілкі. У Зэльве таксама ўсталявалі помнік паэтцы ля мясцовай царквы. У самой царкве ўсталявана памятная шыльда. На Гарадзеншчыне яшчэ ў Гудзевіцкім музеі ёсць стэнд, прысвечаны ёй. Шмат чаго і ў фондах зберагаецца, вялікая частка ейнай бібліятэкі. Але галоўнае ўшанаванне для паэта – гэта выданне кніг.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Ларыса Геніюш і людзі з яе асяродку. На сядзібе Партыі БНФ узгадваюць легендарную беларускую паэтку. Сёння споўнілася 30 год, як яе не стала. З месца падзей – Вольга Чарных:
- У Менску праходзіць вечарына, прысвечаная памяці выбітнай беларускай пісьменніцы, паэткі, грамадскай дзяячкі і дысідэнткі Ларысы Геніюш. Цяпер на вечарыне памяці, якая называецца “30 гадоў без Ларысы Геніюш”, чытаюць вершы выбітнай беларускай паэткі, а таксама ўрыўкі з яе кнігі ўспамінаў “Птушкі без гнёздаў”. На жаль, у зале прысутнічае больш людзей сталага ўзросту, вельмі мала моладзі, што, па словах арганізатара, з якім я магу пагадзіцца, вельмі турбуе. Вечарына скончыцца праглядам фільма памяці Ларысы Геніюш і прэзентацыяй да аўдыёкнігі “Птушкі без гнёздаў”.
* * *
30 год без Ларысы Геніюш. Легендарнай беларускай паэткі не стала на праваслаўнае свята Дабравешчанне. У Менску ў гэтыя хвіліны пачынаецца вечарына. Удзельнікі ўзгадаюць жыццёвы шлях Ларысы Геніюш, зачытаюць вершы і заспяваюць песні на яе вершы. Сярод запрошаных на вечарыну гасцей - людзі, якім пашанцавала сустрэцца са спадарыняй Ларысай. Кажа каардынатарка БХД Валерыя Чарнаморцава:
- Запрашалі некалькіх бардаў, людзей, якія яе ведалі. Прыйдуць Купава і Марачкін. Калі раптам атрымаецца, то і Міхась Скобла пад’едзе да нас, вяртаючыся з Вільні. Будуць дыскі, якія дзякуючы вашай падтрымцы перадалі нам, пакажам яе кніжкі ў перакладзе на польскую мову.
Ларыса Геніюш памерла ў 1983 годзе. Пахаваная ў Зэльве, дзе жыла пасля свайго вызвалення з савецкіх лагераў.
* * *
30 гадоў без Ларысы Геніюш. Легендарнай беларускай паэткі не стала 7 красавіка 1983 года. У памяць Ларысы Геніюш у менскім Петра-Паўлаўскім саборы праходзіць паніхіда. Праваслаўныя хрысціяне разам моляцца за супачын душы пакутніцы ГУЛАГа ды протапрасвітара Віталія Баравога. Кажа Валерыя Чарнаморцава з Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
- Кожны год у Петра-Паўлаўскім саборы на Дабравешчанне ўзгадваем Ларысу Геніюш. Апошнія 5 гадоў пачалі ўзгадваць Віталія Баравога, які таксама памёр у гэты дзень. Гэта важны для беларусаў чалавек, які да канца свайго жыцця вітаў усіх беларусаў словамі «Жыве Беларусь!», хоць гадоў 50 як ужо жыў у Маскве. На вечар запланавана сустрэча, у часе якой мы ўшануем памяць Ларысы Геніюш.
У час вечарыны памяці ўзгадаюць жыццёвы шлях Ларысы Геніюш, зачытаюць вершы і заспяваюць песні на яе вершы. Сярод запрошаных на вечарыну гасцей - людзі, якім пашанцавала сустрэцца з паэткай. Вечарына памяці пачнецца а 18 гадзіне на сядзібе Партыі БНФ у Менску.
* * *
30 гадоў таму пайшла з жыцця выбітная беларуска, патрыётка, паэтка Ларыса Геніюш. Ураджэнка маёнтка Жлобаўцы на Гарадзеншчыне, пахаваная разам з мужам на могілках у Зэльве, Ларыса Геніюш пісала, што род яе паходзіць з Крынак. У Крынках, на Беласточчыне, нарадзіўся і яе муж Янка Геніюш.
Журналістка і літаратарка Міра Лукша прыгадвае, што пра крынкаўскія карані свайго роду пісала сама Ларыса Геніюш:
- Яна піша ў сваіх аўтабіяграфіяй: «Род наш стары, беларускі, паходзіць з Крынак, зроднены там са старымі лесунамі, Чамялямі і Шараметамі”. Таксама пра тое пісала ў лістах з Зэльвы ў 1979 годзе да Язэпа Найдзюка: “Цешыць мяне тое, што вы праехаліся па Беласточчыне, удыхнулі пах сваёй зямлі. Род наш паходзіць з Крынак, шмат там у мяне сваякоў”.
Міра Лукша пацікавілася, ці засталіся яшчэ ў Крынках сваякі Ларысы і Янкі Геніюшаў:
- Ведаючы і Юрку, і яго жонку, і ўнукаў, цягнула мяне даведацца пра тое, ці застаўся яшчэ хтосьці ў гэтым мястэчку з іхняга роду. На жаль, калі я спытала ў нявесткі Валянціны, яна сказала, што яны яшчэ ездзілі ў 60-70-я гады да сваякоў, але большасць з іх ужо або з’ехала, або памерлі. З’ехалі нават дзесьці на Мазуры.
Ларыса Геніюш памерла ў 1983 годзе. Пахаваная ў Зэльве, дзе жыла пасля свайго вызвалення з савецкіх лагераў. Да канца жыцця прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславаччыны.
* * *
30 гадоў таму, 7 красавіка 1983 года, на праваслаўнае свята Дабравешчанне, спынілася сэрца легендарнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, ахвярнай хрысціянкі, нязломнай патрыёткі, сакратаркі БНР на чужыне і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГа.
На сядзібе Партыі БНФ у Менску пройдзе вечарына памяці паэткі. Пачатак а 18 гадзіне. Будуць гучаць вершы Ларысы Геніюш, песні, успаміны. У 12:30 у менскім Петра-Паўлаўскім саборы пасля набажэнства адбудзецца паніхіда ў памяць пра Ларысу Геніюш.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота arche.by