|
|
Стартуе экуменічны мастацкі конкурс “Божая маці ў іконе"
Клуб каталіцкай інтэлігенцыі разам з Музеем іконаў у Супраслі запрашаюць прымаць удзел у экуменічным мастацкім конкурсе “Божая маці ў іконе”. Конкурс накіраваны да вучнаў класаў 4-6 пачатковых школаў і гімназістаў з Падляшскага ваяводства. Арганізатары чакаюць карціны, рысункі і выцінанкі вучняў да канца красавіка.
Па словах Ядвігі Слівонік з Клуба каталіцкай інтэлігенцыі, у конкурсе могуць удзельнічаць усе дзеці, нягледзячы на канфесію.
– Ёсць працы, якія прысылаюць праваслаўныя катэхеты. Гэта экуменічны конкурс, такі супольны для абодвух касцёлаў на тэрыторыі Беласточчыны. Такая добрая справа, якая дае радасць, асабліва ў плёне.
Працы на конкурс трэба даставіць у тэрміне з 25 па 30 красавіка ў сядзібу Падляшскага музея – гарадскую ратушу. Абяшчэнне вынікаў, уручэнне ўзнагародаў і выстава працаў пройдзе 25 траўня ў Музеі іконаў. Конкурс “Божая маці ў іконе” праходзіць пад ганаровым патранатам беластоцкага мітрапаліта Эдварда Азароўскага і праваслаўнага архіепіскапа беластоцкага і гданьскага Якуба.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота podroze.pl