“Вясна” адкрыла офіс, які дзяржава не зможа прыўлашчыць


І адразу прэзентавала новы крытычны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Наўзамен канфіскаванай кватэры Алеся Бяляцкага праваабарончы цэнтр “Вясна” нарэшце займеў новы офіс. Паводле слоў Валянціна Стэфановіча, гэтую кватэру дзяржава пры ўсім жаданні не зможа канфіскаваць.

Валянцін Стэфановіч: “Гаспадар гэтай кватэры — ён не пражывае ў Беларусі, не грамадзянін Беларусі. Мы карыстаемся і валодаем гэтай кватэрай на падставе даверанасцяў, якія ёсць на мяне і Уладзя Лабковіча. З максімальна шырокімі правамі і паўнамоцтвамі — здача ў наём, напрыклад. Таму спадзяюся, што мы тут застанемся на доўгі час”.

“Вясноўцы” не толькі нічога не плацяць за арэнду, але нават маюць права гэтую кватэру прадаць.

Адначасова з офісам былі прэзентаваныя агляд-хроніка “Сітуацыя з правамі чалавека” за 2012 год і “Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў РБ”.

“Мы ставілі задачу данесці да грамадскасці тую сітуацыю, якая склалася ў месцах прымусовага ўтрымання, і даць зразумець, што гэта праблемы сістэмныя — яны залежаць не толькі ад волі тых, хто выконвае сёння пакаранне, кіраўнікоў месцаў пазбаўлення волі. Гэта — праблемы, якія вынікаюць з самой існасці нашых пенітэнцыярных нормаў”, — тлумачыць прысутным складальнік “Справаздачы”, юрыст Павел Сапелка.

Нягледзячы на новы офіс, справы праваабаронцаў апошнім часам не палепшалі, скардзіцца Валянцін Стэфановіч. І асаблівых спадзяванняў на палітычную лібералізацыю яны не ўскладаюць. Нават не зважаючы на перамовы з Еўрасаюзам.

Валянцін Стэфановіч: “Добра, канешне, каб хаця б палітычныя вязні былі вызваленыя, каб зменшыўся крымінальны пераслед па палітычных матывах. Але нам здаецца, што спадзявацца на нейкія больш шырокія рэформы, якія б давалі магчымасць казаць пра лібералізацыю ў краіне, не выпадае”.

Дарэчы, сёлета спаўняецца 10 гадоў, як улады пазбавілі “Вясну” рэгістрацыі. Увесь гэты час праваабаронцы хоць і працавалі ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але, сцвярджае Стэфановіч, у “партызаны” не сыходзілі. Не плануюць рабіць гэта і надалей, не зважаючы на тое, што папярэджанняў за такую дзейнасць ад імя пракуратуры ўжо атрымалі безліч.

Фота: Змітра Лукашука і Еўрарадыё

Фота
  • Фота 1/9
  • Фота 2/9
  • Фота 3/9
  • Фота 4/9
  • Фота 5/9
  • Фота 6/9
  • Фота 7/9
  • Фота 8/9
  • Фота 9/9

Крыніца: Эўрапейскае Радыё для Беларусі