|
|
У горадзе над Шчарай прэзентавалі “Слонімскі буквар”
У чацвер, 21 сакавіка, у вялікай зале Слонімскага раённага дома культуры адбылася прэзентацыя кнігі “Слонімскі буквар” Сяргея Чыгрына. Прэзентацыю арганізавалі бібліятэкары горада супольна з Упраўленнем адукацыі Слонімскага раённага выканаўчага камітэта.
На прэзентацыі пабывалі вучні старэйшых класаў Слоніма, настаўнікі, бібліятэкары і бацькі вучняў. Сяргей Чыгрын у сваім выступе адзначыў, што па “Слонімскім буквары” сёння можна лёгка і даступна вывучаць гісторыю Слонімшчыны. У алфавітным парадку аўтар кнігі распавёў пра знакамітых людзей Слонімшчыны, пра яе помнікі і цікавыя мясціны, пра тыя падзеі, якія адбываліся на Слонімшчыне цягам тысячагоддзя.
У новым прыгожым выданні Сяргея Чыгрына апублікавана шмат старых і сучасных фотаздымкаў, звязаных з гісторыяй Слоніма. Гэтыя фотаздымкі вельмі якасныя і яны даволі арыгінальна дапаўняюць тэкст кнігі.
Кожнай бібліятэцы горада і раёна аўтар падараваў па “Слонімскім буквары”.