|
|
Стужка "Жыве Беларусь!" стала лаўрэатам чэшскага кінафестывалю
Кінастужка «Жыве Беларусь!» па сцэнары Франака Вячоркі заняла другое месца на кінафэстывалі ў Празе. Члены журы пасля паказу распавядалі, што гэта адзіны конкурсны паказ фестывалю, пасля якога былі апладысменты, паведаміў Франак Вячорка. Сцэнарыст лічыць, што стужка сапраўды нечакана выбілася ў лаўрэаты чэшскага кінафестывалю.
- Я нават не чакаў такога добрага выніку таму, што вельмі моцныя канкурэнты, з добрымі бюджэтамі, зоркамі з самых розных еўрапейскіх краінаў. Магчыма таму, што стужка не падобная на іншыя, прымушае задумацца, у ёй няма хэпі-энду, а толькі знак пытання. Магчыма многія не чакалі такое пабачыць на фестывалі: перамешваюцца поўны рэалізм сучаснай Беларусі і пачуцці, прага людзей да свабоды. Магчыма мы патрапілі ў трэнд, бо менавіта змаганне за свабоду запаўняе зараз сабой інфармацыйную прастору ўсяго свету, але, безумоўна, і высокая прафесійная праца здымачнай групы.
Польскі рэжысёр стужкі «Жыве Беларусь!» Кшыштаф Лукашэвіч, па словах Франака Вячоркі, вядзе перамовы, каб на польска-беларускім памежжы арганізаваць бясплатныя паказы гэтай кінастужкі. Галоўную ролю рок-музыкі Мірона Захаркі выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко, музыку для стужкі напісаў Лявон Вольскі. Стужка заснавана на рэальных падзеях і сабрала ў сабе гісторыі і лёсы многіх беларусаў, якія прайшлі ці праходзяць праз рэпрэсіі ў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота mbnf.info