|
|
У Пастаўскім раёне актывісты Віцебскай вобласці ўшанавалі памяць загінулых у час паўстання 1863 года. Мерапрыемства было зладжана з нагоды смерці на шыбеніцы 22 сакавіка 1864 года Кастуся Каліноўскага, які быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.
На акцыі прысутнічалі прадстаўнікі Руху "За Свабоду”, кампаніі “Гавары праўду”, партыі БХД і іншыя. Актывісты ўсклалі кветкі да помніка, прачыталі ўрыўкі з "Лістоў з-пад шыбініцы" Кастуся Каліноўскага, а таксама прысвечаныя яму вершы Таксама паслухалі некалькі дакладаў пра мясцовых удзельнікаў паўстання і правялі віктарыну. Лепшыя знаўцы гісторыі паўстання і біяграфіі Кастуся Каліноўскага атрымалі ўзнагароды.
Як кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства, балгарын па нацыянальнасці, каардынатар Руху "За Свабоду” Хрыстафор Жэляпаў: беларусам – уласцівы нігілізм, але хочацца, каб беларусы былі гаспадарамі сваёй зямлі.
- Я сябе адчуваю грамадзянінам гэтай краіны. І я не збіраюся змяняць грамадзянства. І нават не збіраюся з’язджаць у Балгарыю або кудысьці яшчэ. І я хачу, каб гэтая краіна была вольнай, незалежнай, самастойнай. І я таду буду сябе лепей адчуваць як грамадзянін. Таму я хачу, каб беларусы сталі гаспадарамі на сваёй зямлі. Мне будзе больш ўтульна.
Помнік у выглядзе крыжа з надмагільнай плітой быў усталяваны ў вёсцы Свірдуны Лынтупскага сельсавета на месцы гібелі паўстанцаў мясцовым ксяндзом у 1934 годзе. На пліце ледзь заўважна напісана па-польску: «Тут спачываюць парэшткі асілкаў, якія загінулі за свабоду Айчыны ў 1863 годзе».