Узнагароджана кніга пра беларускіх калгасьнікаў

Узнагароджана кніга пра беларускіх калгасьнікаў


Манаграфія Анны Энгелькінг “Калгасьнікі” атрымала прэстыжную ўзнагароду польскага часопіса “Przegląd Wschodni”.

Манаграфія польскай дасьледчыцы Анны Энгелькінг “Калгасьнікі. Антрапалягічны аналіз тоеснасьці беларускай вёскі на канцы ХХ- пачатку ХХІ стагодзьдзяў” атрымала прэстыжную ўзнагароду польскага часопіса “Przegląd Wschodni”. Праца адзначаная ў катэгорыі “Польская праца”.

Узнагарода ўручалася юбілейны ХХ раз. “Przegląd Wschodni” – незалежны часопіс, які выдаецца ў супрацы са Студыюмам Усходняй Эўропы, прысьвечаны гісторыі Ўсходняй Эўропы й Расеі, пачынаючы ад сярэднявечча да сучаснасьці. У выданьні закранаецца праблематыка супольнай спадчыны рэгіёну й розьніц паміж паасобнымі народамі, якія там пражываюць. Да гэтага часу выдадзена 45 нумароў.

Ужо 20 раз былі ўручаныя ўзнагароды часопіса. Галоўны рэдактар, кіраўнік Студыюма Ўсходняй Эўропы Ян Маліцкі падкрэсьліў, што цягам гэтых гадоў узнагароду атрымалі 112 чалавек, а сёньняшняе ўручэньне выключнае.

Я. Маліцкі: І гэтай выключнай нагодай зьяўляецца 20-годзьдзе ўзнагароды “Przeglądu Wschodniego”. Мінула 20 гадоў, і я задумоўваюся, як гэта сталася. Як ужо ўзгадвалася, агулам было прызнана 112 узнагарод – 9 навуковых і 12 узнагарод імя Аляксандра Гейштара.

Сёлетняя ўзнагарода была ўручаная ў 4 катэгорыях. Пятай была “Спэцыяльная ўзнагарода”.

У першай катэгорыі “Польская праца” адзначана манаграфія польскай дасьледчыцы Анны Энгелькінг “Калгасьнікі. Антрапалягічны аналіз тоеснасьці беларускай вёскі на канцы ХХ- пачатку ХХІ стагодзьдзяў”.

Кніга паўстала ў выніку больш як 10 гадоў палявых дасьледаваньняў у беларускіх вёсках на захадзе і ўсходзе краіны. За гэты час аўтарка сустрэлася зь сямю сотнямі беларускіх калгасьнікаў.

Прафэсар Лех Мароз, які выступіў з прамоваю на тэму кнігі, адзначыў, што выданьне выключнае ня толькі тым, што налічвае больш за 800 старонак, але й дзякуючы спосабу, пра дапамозе якога аўтарка прадставіла тэму.

Л. Мароз: На пачатку некалькі слоў пра аўтарку. Анна Энгелькінг зьяўляецца аўтаркаю каля 200 артыкулаў, кніг, разьдзелаў. Прызнаю, што ў пэўным моманце я стаміўся лічыць усе яе публікацыі. У яе лінгвістычная, этнаграфічная адукацыя. Пры гэтым яна вельмі свабодна карыстаецца мэтадалягічнай літаратурай. У яе працы мэтадалёгія не зьяўляецца дапаўненьнем, але канструктыўным элемэнтам.

Анна Энгелькінг з пачатку 90-х гадоў вядзе дасьледаваньні ў Беларусі. Праца над манаграфіяй “Калгасьнікі” заняла ў аўтаркі каля 10 гадоў. Яна спрабуе адказаць на пытаньне: як самі сябе бачаць беларускія калгасьнікі?

- Калі мы ехалі ў Беларусь, то чакалі, што насельніцтва калгасных вёсак ня любіць калгасаў таксама, як і мы, палякі. Але аказалася, што людзі, якія са сьлязьмі ў вачах расказвалі пра страшныя часы заснаваньня калгасаў, у той жа размове казалі, што яны задаволеныя сваім жыцьцём, і што прызвычаіліся да калгасаў, – распавяла Анна Энгелькінг «Польскаму радыё».

Лех Мароз адзначыў, што праводзячы свае дасьледаваньні аўтарка вывучыла працы сваіх папярэднікаў.

Л. Мароз: Аўтарка вывучыла працы іншых дасьледчыкаў. А асабліва важнае месца займае Юзэф Абрэмбскі, дасьледчык Палесься – архаічнага фрагмэнту Рэчы Паспалітай, наватарскі падыход якога не перастаў быць цікавым. Праводзячы дасьдедаваньні аўтарка занялася вывучэньнем, распазнаньнем і зразуменьнем незвычайнай рэчаіснасьці. Незвычайнай, паколькі адначасова зь Беларусьсю незалежнасьць атрымала і Летува, і Ўкраіна. Але сытуацыя ў Беларусі моцна адрозьніваецца. Мы са зьдзіўленьнем заўважаем, на колькі інакш у Беларусі адбываюцца грамадзкія працэсы. Гэта своеасабліва анклаў.

Паводле Леха Мароза, Анна Энгелькінг рэалізавала свае дасьледаваньні згодна з найлепшымі стандартамі: доўгае прыбываньне на дасьледаваным месцы, доўгія размовы, шматлікае вяртаньне да тых самых суразмоўцаў.

Л. Мароз: Дзякуючы ўсяму гэтаму Анна Энгелькінг была ў стане паказаць архаічную структуру мысьленьня яе суразмоўцаў – значнай часткі беларускага грамадзтва, беларускіх калхозьнікаў. Аўтарка паказвае, што на тоеснасьць беларусаў выразна ўплывае месца пана, ксяндза, увогуле рэлігіі, ролі габрэяў у лякальным грамадзтве. У многім гэтая структура захавалася. Месца пана заняў калгас, ці старшыня калгасу. Як хвалілі добрага пана, які дапамагаў у розных патрэбах, хваляць старшыню. Зьдзіўляе стасунак да ўласнасьці. Нічым дрэнным не зьяўляецца сяганьне па ўласнасьць пана ці калгаса. Бачны таксама выразны ўплыў рэлігіі. Хто б з нас прыдумаў, што рэлігійны надпіс на дзьвярах “К+M+B" (скарот ад імёнаў біблейскіх постацяў Каспара, Мэльхіёра, Балтазара, які каталікі пішуць на дзьвярах на сьвята Трох каралёў – Польскае радыё) можна расшыфраваць як «Калгас мусіць быць».

На завяршэньне прафэсар адзначыў, што гэта выдатная кніга, якая займае асаблівае месца ў працах на тэму Беларусі. Манаграфія «Калгасьнікі» павінна быць абавязковай лектурай для тых, хто хоча заняцца пытаньнем Беларусі.

У катэгорыі «Замежныя працы» ўзнагароду атрымала Сьвятлана Муліна за кнігу «Мігранты па няволі: адаптацыя ссыльных удзельнікаў польскага паўстаньня 1863 году ў Заходнюю Сібір». Васіль Ганевіч «Палякі ў Томску (ХІХ-ХХ). Біяграфіі».
Катэгорыя «Працы палякаў на Ўсходзе»: Хэлена Красоўска «Польская меншасьць у паўднёва-ўсходняй Украіне».

Катэгорыя «Папулярызацыя ўсходняй тэматыкі»: Агнешка Бэджыцка «Каляндар Львова 1918-1939».

Спэцыяльная ўзнагарода: Станіслаў Александровіч, Ежы Кавальчык.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё