|
|
Першая навукова-папулярная серыя па ваеннай гісторыі Беларусі
У Беларусі з'явілася першая навукова-папулярная серыя па ваеннай гісторыі Беларусі. Серыю выдавецтва "Галіафы" адкрыла кніга беларускага археолага і гісторыка Мікалая Плавінскага “Узбраенне беларускіх земляў 10-13 стагоддзяў”. Пра серыю расказвае прадстаўнік кампаніі "Будзьма" і сурэдактар Міраслаў Лазоўскі:
- Працоўная назва серыі – “Беларусь у войнах”. Гэта будзе менавіта навукова-папулярная серыя, разлічаная на шырокае кола чытачоў. Мы вырашылі абмежаванняў не ставіць, і серыя будзе тычыцца ўсяго. Першая кніга – гэта зброя, але будзе і фартыфікацыя, і хада баявых дзеянняў. Карацей, гісторыя вайсковая ў шырокім сэнсе. Ад лакальнага да глабальнага. Будуць закранацца і сацыяльная, і палітычная гісторыі.
У траўні плануецца прэзентацыя другой кнігі серыі. Яе прысвецяць паўстанню 1863 года.
* * *
Кніга прысвечана гісторыі ўзбраення насельніцтва беларускіх земляў у Х–ХІІІ стст. У навукова-папулярнай форме апісваюцца асноўныя катэгорыі старажытнарускага ўзбраення, паходжанне, час і асаблівасці выкарыстання пэўных відаў наступальнай зброі і засцерагальнага ўзбраення. Тэкст суправаджаецца шматлікімі ілюстрацыямі, высокаякаснымі прамалёўкамі, каляровымі фотаздымкамі найцікавейшых знаходак з тэрыторыі Беларусі.
Пра кнігу Радыё Рацыя распавядае аўтар Мікалай Плавінскі:
- Кніжка ў навукова-папулярнай форме распавядае пра ўзбраенне, пра ваенную гісторыю X-XIII стагоддзяў. Гэта творчая перапрацоўка колішней маёй кандыдацкай дысертацыі, але зноў жа разлічаная на шырокае кола чытачоў, каб якасна падаць навуковыя звесткі.
Мікалай Плавінскі – беларускі археолаг і гісторык, кандыдат гістарычных навук. Займаецца вывучэннем пытанняў гісторыі старажытнарускай зброі, матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X –XIII стст., археалогіяй Полацкай зямлі і сумежных рэгіёнаў. Аўтар і сааўтар больш як 90 навуковых артыкулаў і 6 манаграфій.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск