|
|
У Берасці адбылася канферэнцыя памяці Галіны Малажай
У Берасцейскім універсітэце імя А.С. Пушкіна адбылася рэспубліканская канферэнцыя памяці лінгвіста, прафесара гэтага ўніверсітэта Галіны Малажай. Менавіта сёння Галіна Мікалаеўна адзначала б свой 75-гадовы юбілей.
Гэта аўтар шматлікіх навуковых прац, укладальнік школьных падручнікаў па беларускай мове, метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і настаўнікаў. Сама вучаніца славутага Фёдара Янкоўскага, Галіна Мікалаеўна заснавала цэлую навукова-педагагічную школу. Сярод яе наступнікаў – загадчыца кафедры беларускага мовазнаўства Марыя Новік, якая гаворыць, што і праз 8 год пасля заўчаснай смерці прафесара яе працы застаюцца актуальнымі.
Марыя Новік:
- Застаюцца запатрабаванымі тыя падыходы, якія былі актуальныя для Галіны Мікалаеўны Малажай. Той падыход, які выяўвіўся ў шматлікіх навуковых працах, дапаможніках і падручніках для школы. І гэтаму сёння немагчыма не здзіўляцца, і гэтым нельга сёння не захапляцца.
Прыкметай запатрабаванасці навуковай спадчыны Галіны Малажай з’яўляецца тое, што зусім нядаўна выйшаў “Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы” пад аўтарствам гэтага прафесара і дацэнта Ларысы Яўдошынай. Працу над ім пачала сама Галіна Мікалаеўна, аднак выпусціць яго пры жыцці не паспела. Слоўнік грунтуецца найперш на лексемах, якія рэдка ўжываюцца ў актыўным пласце мовы, але сустракаюцца ў мастацкіх творах школьнай праграмы.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце