|
|
Да чарговага юбілею “Белавежа” прыйшла з вялікім багажом
«Белавежа» і сёння развівае культуру беларускай нацыянальнай меншасці. Так лічыць старшыня беларускага літаратурнага аб’яднання, якое сёлета ладзіць сваю 55 гадавіну. «Да чарговага юбілею “Белавежа” прыйшла з вялікім багажом,» – кажа старшыня аб'яднання Ян Чыквін.
Ян Чыквін: Любая гадавіна творчага аб'яднання ці арганізацыі не вымяраецца не адным днём ці годам, а ўсім папярэднім часам і ўсімі калегамі, якія ўжо не жывуць, якія адышлі. Як правіла, большае значэнне маюць тыя творы і тыя пісьменнікі, якія адышлі ў вечнасць і правераны часам, якія вывучаюцца ў школах і ўвогуле знаходзяцца ў культурным абсягу. Калегі, якія, дзякуй богу, жывуць і працуюць, мусяць глядзець на свой творчы шлях як на перыяд, у часе якога павінен паўстаць іх галоўны твор, які здзівіць чытача, адкрые ў літаратуры нешта новае. Мы да 55-й гадавіны менавіта арганізацыі падыходзім вельмі спакойна. Мы былі б рады, калі б нашыя чытачы і тыя, хто цікавіцца літаратурным працэсам, таксама падыходзілі да гэтага досыць спакойна і глядзелі ў такой перспектыве, пра якую я толькі што ўзгадваў.
Улад Грынеўскі: 55 гадоў літаратурнаму творчаму аб'яднанню. Ужо сама лічба сведчыць пра тое, што аб'яднанне вельмі патрэбнае, што яно робіць сваю пэўную справу.
Ян Чыквін: Тая частка насельніцтва Падляшша, якая жыве на Беласточчыне, жыве кампактна, і гэта дало вялікі шанец. Бо гэтая частка насельніцтва не магла не мець сваёй літаратуры, сваіх даследчыкаў, сваіх прафесараў, святароў і вучоных. Таму наяўнасць «Белавежы» толькі пацвярджае заканамернасць развіцця нацыянальных меншасцяў. Мне тут нічога не трэба тлумачыць і дадаваць, бо гэта сведчыць, па-першае, пра жывучасць нашай нацыі і пра тое, што ў творчым аб'яднанні ёсць сіла, своеасаблівы фокус, які збірае ўсё ў энергію нашай беларускай нацыі. У 60-70-я гады мы былі прыкладам для савецкай літаратуры. Мы паказалі, якія ёсць магчымасці, калі развіваць сваё і глядзець у будучыню. А будучыня за намі. Я належу да таго пакалення белавежцаў, якія, нягледзячы на сітуацыю з мовай і гісторыяй у Беларусі, з'яўляюцца аптымістамі. Для мяне служаць прыкладам 20-30-я гады, калі Беларусь узнікла яшчэ раз, культура ўспыхнула вельмі хутка. Таму я думаю, што трэба быць аптымістам і верыць у нашыя духоўныя сілы.
Улад Грынеўскі: Яшчэ адзін важны аспект, які выконвае літаратурнае аб'яднанне «Белавежа», гэта своеасаблівая акумуляцыя беларусаў і беларускага на Падляшшы.
Ян Чыквін: Вы правільна сказалі: мы акумулюем. Яшчэ мне хочацца прыгадаць, што ў 60-70-я гады, калі была цяжкая сітуацыя са школьніцтвам у Беларусі, у нас былі тысячы адкрытых беларускіх школ, мы стваралі падмурак для беларускай нацыі. Невыпадкова на нас спасылаліся іншыя і гаварылі, што калі браць прыклад, то з таго, чым займаюцца і як жывуць беларусы Беласточчыны. Вы самі ведаеце, што з усіх нацыянальных меншасцяў беларуская меншасць мае большыя вынікі, ажно небяспечна імі хваліцца. Бо ёсць людзі, якім гэта не падабаецца...
Улад Грынеўскі: Акумуляцыя і што таксама вельмі важна – прапаганда. Прапаганда беларускага ў самым добрым значэнні гэтага слова, а таксама папулярызацыя сярод моладзі. Бо, паводле апошніх перапісаў, ёсць такая праблема: беларусаў становіцца менш.
Ян Чыквін: Канешне, гэта выконваецца, і яшчэ як. Тут варта прыгадаць, што ў 60-80-х гадах пісьменнікі «Белавежы» вельмі часта сустракаліся на аўтарскіх сустрэчах. Няма такой вёскі ці горада на Беласточчыне, дзе б не бывалі белавежцы і не гучала беларускае слова. І гэта мела каласальнае значэнне для маладога і сярэдняга пакалення. Мне прыгадваецца тая сустрэча, пра якую Алесь Барскі расказвае анекдоты. Сапраўды, у Клейніках на сустрэчу знялі дзверы з клуні, каб зрабіць сцэну, такую пляцоўку. Мы там стаялі. У клуні была сустрэча з вяскоўцамі. Гэта была цудоўная, непаўторная біблейская сцэна. Я вельмі ўдзячны калегам, пісьменнікам і паэтам, за тое, што хоць многія з іх ужо ў гадах, але гэта асобы творчыя. Хочацца назваць Віктара Шведа, Дзмітрыя Шатыловіча, якім ужо за 80 гадоў, а яны актыўныя, пішуць. Алесь Барскі, Сакрат Яновіч да апошніх дзён былі актыўнымі. Менавіта гэта паказвае жывучасць беларусаў Польшчы. Гэта своеасаблівы феномен, бо сярод польскага пісьменніцкага асяроддзя не часта сустракаюцца такія феномены.
Улад Грынеўскі: А моладзь сёння ў «Белавежу» прыходзіць? Бо літаратурны вопыт – гэта тая справа, якую варта перадаваць і працягваць.
Ян Чыквін: З моладдзю справа асобная. Па-першае, беларускае літаратурнае аб'яднанне не з'яўляецца інстытутам. Тут усё палягае на прынцыпе добрай волі: ніхто ні да чаго не не змушаны. Маладыя людзі, якія пішуць, самі павінны быць настолькі свядомымі і разумець, што яны робяць, каб ім захацелася з намі сустрэцца, наладзіць супрацу. Мы не вышукоўваем для таго, каб матэматычна пашырыць свае шэрагі. Калі маладыя людзі падаюць сігнал, што яны пішуць і хочуць пісаць, мы прымаем іх з адкрытымі абдымкамі. І таму можна сказаць, што мы падлягаем тым самым агульнаеўрапейскім працэсам у літаратуры. Ёсць перыяды адплываў і прыплываў, ёсць перыяды лепшыя і горшыя для паэзіі. І мы падлягаем ім, інакш былі б нейкімі дзівоснымі людзьмі. І трэба спакайней ставіцца да гэтага.
Паводле Яна Чыквіна,беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” ўжо на працягу 55 гадоў гуртуе вакол сябе творчых асобаў, якія ствараюць паэтычны вобраз беларускай Беласточыны ды апяваюць сваю малую Айчыну.
З Янам Чыквіным гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя