“Бацькаўшчына” працягвае пашыраць сваю экспазіцыю

“Бацькаўшчына” працягвае пашыраць сваю экспазіцыю


Музей матэрыяльнай культуры “Бацькаўшчына” ў вёсцы Рыбалы на Падляшшы працягвае пашыраць сваю экспазіцыю. У музеі сабраныя прадметы, якія адлюстроўваюць гаспадарчую дзейнасць, а таксама традыцыі і культуру жыхароў Заблудаўскай гміны і больш далёкіх мясцінаў. Усе экспанаты перадалі і надалей перадаюць мясцовыя жыхары. Як кажа пробашч парафіі ў Рыбалах бацюшка Рыгор Сасна, працягвае папаўняцца таксама бібліятэка музея:

– Маем „Гарадоцкія навіны”, „Часопіс”, „Przegląd prawosławny”, прыхажане рэгулярна прысылаюць „Голас Семятыч”, а таксама ёсць літаратура, якая засталася са школы. Мы ўвесь час папаўняем бібліятэку музея.

Рыбалаўскі музей месціцца ў будынку былой пачатковай школы, які ў 2009 годзе перадалі праваслаўнаму прыходу. Апекуецца музеем найперш матушка Антаніна Троц-Сасна, яна з’яўляецца і аўтаркай кнігі, прысвечанай музею матэрыяльнай культуры “Бацькаўшчына”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота jerzypawleta.pl

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя