Агнешка Холанд не выключае, што яе пакліча беларуская тэма

Агнешка Холанд не выключае, што яе пакліча беларуская тэма


Знакамітая польская рэжысёрка Агнешка Холанд у Беластоку сустрэлася з прыхільнікамі сваёй творчасці. У кінатэатры “Форум” прэзентавалі яе апошнюю працу “Неапалімая купіна” (“Gorejący krzew”), якая распавядае пра трагічныя факты з гісторыі Чэхіі, калі адзін са студэнтаў, пратэстуючы, падпаліў сябе. Падчас прэзентацыі мэтр польскага кіно не выключыла, што ў яе фільмах можа з'явіцца і беларуская тэматыка.

Агнешка Холанд:

- Я чытала трохі беларускай паэзіі, слухала трохі музыкі, якую часткова можна назваць падпольнай. Гэта цікавая краіна, яна мяне цікавіць тым, што яна так блізка і адначасна аддзеленая ад нас заслонай палітычнага рэжыму. З другога боку тым, што там усё так неадназначна, людзі жывуць прымаючы гэтую палітычную сістэму, але ёсць іншыя людзі, якія яе не прымаюць. Гэтае напружанне паміж прыняццем нейкага кшталту няволі, і бунтам супраць гэтай няволі, гэтае напружанне з’яўляецца для мяне цікавым. Мне гэта прыгадвае тое, чым жыла Чэхаславакія пад канец 60-х гадоў.

РР: У адным з вашых фільмаў падзеі разгортваюцца ў Львове ва Украіне, зараз вы супрацуеце з чэхамі, можа была думка паглядзець творчым поглядам на Беларусь?

- Чэхія для мяне найбольш блізкая па прычыне таго, што я там вучылася, і гэта ў такі важны час, як 1967-71 гг. Тады, калі быў такі выбух свабоды, пасля чаго савецкія танкі, пасля самаспаленне Палаха, які здзейсніў яго ў знак пратэсту супраць так званай нармалізацыі і пакоры грамадства. Я нават сядзела там у турме, пасля таго, як адбыўся палітычны працэс, таму Чэхія і Славакія былі для мяне такім месцам, дзе фармаваўся мой жыццёвы досвед. Львоў - гэта гісторыя палякаў, украінцаў, габрэяў падчас нямецкай акупацыі, гэта было нечым, што спалучылася з маёй зацікаўленасцю гісторыяй Другой сусветнай вайны, халакостам, польска-габрэйскімі стасункамі. Калі ідзе пра Беларусь, то не маю ўражання, што ведаю пра яе столькі, каб зрабіць пра гэта фільм. Але я ўжо здымала фільмы пра розныя “дзіўныя рэчы”, пра якія не мела ніякага паняцця. Я зняла серыял пра жыццё ў Новым Арлеане пасля ўрагана “Катрына”. Зняла серыял, які распавядаў пра адносіны паміж бандамі, якія гандлявалі наркотыкамі, і паліцыяй у амерыканскім горадзе Балцімор. Не бачу прычыны, каб я некалі не зрабіла нечага пра Беларусь. Мой знаёмы польскі рэжысёр Кшыштаф Кашэвіч скончыў паўнаметражны фільм, падзеі ў якім адбываюцца ў Беларусі, фільм зняты па-беларуску. Мне вельмі цікава, як гэта будзе ўспрынята беларусамі.

РР: Гэта палітычны фільм?

- З таго, што ведаю, гэта палітычны фільм, які распавядае пра маладых людзей. У пэўным моманце ён запытаў, што я думаю адносна сцэнарнага рашэння, як раз тады я праслухала даволі шмат сучаснай беларускай музыкі.

РР: У вас ёсць ген бунтарства ў творчасці і ў поглядах?

- Свабода з’яўляецца для мяне важнай, але я думаю, што гэта каштоўнасць, якая не з’яўляецца цалкам натуральнай для чалавека, бо лічу, што чалавек баіцца свабоды. Мяркую, што свабода спалучаецца з адказнасцю, з рызыкай, са свядомасцю таго, дзе скончваецца мая свабода, і дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Гэта не так, што выбягаю голы на вуліцу, на галоўную плошчу ў горадзе, гэта больш складана. Людзі не створаныя для свабоды да канца, яны павінныя гэтаму вучыцца, павінныя гэта выбраць. Часамі чалавеку прасцей жыць у няволі, чым на свабодзе. Памятаю, як Мілаш Форман, мой старэйшы сябар, вялікі чэшскі рэжысёр, калі абрынуўся камунізм у Чэхаславакіі, ён быў трохі скептычны, зараз ён жыве ў Амерыцы, ён быў скептычны адносна таго, як гэтыя народы прыстасуюцца да свабоды. Ён сказаў нешта накшталт таго, што гэтыя камуністычныя краіны, напалову таталітарныя ці дыктатарскія, як заапаркі, а капіталізм, як джунглі. У заапарку чалавек, як у клетцы, але яму даюць ежу, ніхто яго не пакусае, не заб’е, ён не павінен змагацца, ён там у бяспецы, яму можа быць сумна, але ён у бяспецы. У джунглях звяры ўвесь час падвяргаюцца небяспецы, яны павінныя змагацца за ежу, шукаць яе, ім пагражаюць іншыя драпежнікі, няма дзе схавацца. Адна і другая сістэма мае свае хібы, але аднак для мяне, свабода з’яўляецца нечым, што я б ні на што не прамяняла, нават калі гэта небяспечна.

РР: У сваіх фільмах вы падымаеце важныя тэмы, напрыклад, тэма халакосту. Як вы думаеце, неразуменне такіх тэмаў у моладзевым асяродзі, гэта тыпова ці не?

- Адукацыя ў посткамуністычных краінах мае свае недахопы, маладыя людзі, а таксама старэйшыя, ведаюць вельмі няшмат пра свае карані. Не ведаюць яны ні пра халакост, ні пра сталінізм, ні пра тое, чым жылі іх бацькі, у чым карані сучаснага свету, што такое дэмакратыя, што такое свабода – гэта паняткі, якія яны не да канца разумеюць, бо іх ніхто гэтаму не вучыць. Так па праўдзе школа, медыі, засталіся недзе ззаду, і кожны вучыцца па-свойму, праз інтэрнэт, размовы і г.д. Я думаю, што культура, а тым больш папулярная культура можа вельмі шмат зрабіць, перанесці эмоцыі. Менавіта таму я і раблю, здымаю такія фільмы, як “Gorejący krzew”, перад гэтым “W ciemności”, ці іншыя фільмы. Для мяне важна, каб гэта не былі фільмы ілюстрацыйныя, якія вучаць людзей, як гэта было, як гэта павінна быць, важна, каб яны перажываліся, каб гэтае перажыванне адкрыла эмацыйныя каналы ў кожным чалавеку сёння, у малодшым ці старэйшым. Хочацца, каб ён уключыў эмпатыю, а эмпатыя паказвае, што я і гэты малады чалавек, які загінуў сорак гадоў таму, мы вельмі падобныя, штосьці нас злучае. Я задаю сабе пытанні, што б выбралі мы, што мы абярэм у скрайняй сітуацыі. Гэта не так, што спакой дадзены людзям назаўсёды, бо мы жывем у свеце поўным небяспекі, супярэчнасцяў. Частка гэтага дрэннага ў нас самых, таму важна гэта ўсвядоміць.

РР: Ці здольны сёння кінематограф навучыць людзей, што з’яўляецца добрым, а што дрэнным?

- Я думаю, што кіно працягвае заставацца найбольш дзейсным. Не лічу, што трэба гаварыць з людзьмі, бо гэта не касцёл, і нельга сказаць, што гэта грэх, а гэта не. Ідзе пра пытанні, пра стварэнне сітуацый, калі сэрца і галава чалавека адкрываюцца, калі адбываецца такая ідэнтыфікацыя з гісторыяй ці героямі. Мяркую, што з гэтага пункту гледжання кіно застаецца найлепшым з мастацтваў.  

Агнешка Холанд - польскі рэжысёр і сцэнарыст, лаўрэат шматлікіх міжнародных кінапрэмій, некалькі разоў намінавалася на Оскара. Апошняя намінацыя за фільм 2011 года - “W ciemności”, дзе распавядаецца гісторыя Леапольда Сахі, які выратаваў габрэяў з львоўскага гета.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dziennikteatralny.pl

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя