|
|
Толькі ў 9 гмінах Польшчы 20 і больш адсоткаў жыхароў складаюць прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці. Такія вынікі агучыла Галоўная статыстычная управа Польшчы на падставе перапісу насельніцтва 2011 года. Параўноўваючы з вынікамі перапісу дзесяцігадовай даўніны, у трох гмінах на Беласточчыне: Гарадку, Чаромсе ды горадзе Бельску Падляшскім колькасць беларусаў стала меншай, чым 20 адсоткаў.
Як адзначае журналіст Радыё Беласток Юрка Ляшчынскі, ужо тады колькасць беларусаў у гэтых 3 гмінах была на мяжы, усталяванай Законам аб нацыянальных меншасцях. Цяпер на зніжэнне колькасці беларусаў паўплывала некалькі чыннікаў.
РР: Толькі днямі стала вядомая больш канкрэтная інфармацыя, датычная нацыянальных меншасцяў у паасобных гмінах. У перапісе насельніцтва 2002 года 12 гмінаў выконвалі абавязак Закону аб меншасцях, у іх было 20 і болей адсоткаў прадстаўнікоў беларускай меншасці. Сёлета іх стала на 3 меней. Чаму паменела беларусаў, ці гэта натуральныя, дэмаграфічныя працэсы, або мяняецца выбар?
Юрка Ляшчынскі: І першае, і другое. У такой гміне як Гарадок, вядома, што пражывае каля 80% праваслаўных беларусаў. Чаму яны дэкларавалі польскую нацыянальнасць – невядома. Але ёсць адна істотная справа: у гэтым перапісе тыя 20% адносяцца да першай нацыянальнасці. Можна было падаць – я беларус і паляк, я беларус і украінец. І калі ён падаў як другую нацыянальнасць – я паляк і беларус, то гэта ўжо не ўлічвалася.
РР: Цягам 9 гадоў паміж перапісамі насельніцтва ставілася пытанне пра тое, каб у гмінах уводзілі беларускую мову як дапаможную, уводзілі беларускамоўныя надпісы. Выглядае на тое, што астатнія гміны таксама будуць чакаць на тое, калі паменшае беларусаў?
Юрка Ляшчынскі: Не, якраз бліжэйшым часам гміна Чыжы ўвядзе двухмоўныя ўказальнікі. Не ведаю, ці іншыя гміны, дзе беларусаў было больш 20 % , будуць рабіць нейкія крокі, каб двухмоўе ўвесці, гэта тычыцца гмінаў Нараў, Дубічы Царкоўныя асабліва, дзе 86% беларусаў было. Шкада, што не маем вынікаў перапісу па гмінах. У Міхалове паменшала беларусаў. Найгоршае тое, што ўжо з самога Закону аб нацыянальных меншасцях ў горадзе Бельск, Чаромха нельга ўвесці двухмоўе. Трэба праводзіць нейкі рэферэндум наконт асобнай вёскі. Раней гэта было прасцей.
РР: Ці працуюць беларускія арганізацыі на Беласточчыне так , каб беларусы не адмаўляліся ад сваёй тоеснасці?
Юрка Ляшчынскі: У тым і справа, што беларусаў найменш у катэгорыях ад 0 да 10 гадоў - 1700 асобаў. Ад 10 да 19 гадоў – 2700 асобаў. Зразумела, што за дзяцей звесткі падаюць бацькі, маўляў, мы яшчэ беларусы, але ж дзеці нашы няхай будуць палякамі. Але гэтае дзіця вырасце. Яно пойдзе ў беларускі клас і тады задумаецца: я ж беларус! Гэта яшчэ можа вярнуцца.
РР: Наколькі гэтыя вынікі паўплываюць на працу меншасці, на датацыі з боку дзяржавы?
Юрка Ляшчынскі: Беларуская меншасць, якой было 47 тысяч паводле папярэднягя перапісу, мела датацыі ў 2-3 разы большыя, чым украінская, якой было 1400. Таму не думаю, што гэта ў вялікай ступені залежыць ад колькасці.
Закон аб нацыянальных меншасцях у Польшчы дазваляе ўводзіць дапаможную мову нацыянальнай меншасці ды двухмоўныя дарожныя ўказальнікі у гмінах, дзе жыве 20 і больш адсоткаў прадстаўнікоў гэтае меншасці. Дапаможная беларуская мова дагэтуль уведзеная ў гмінах Гайнаўка горад і вёска, Чыжы, Орля ды Нараўка. Паўтара года таму Арлянская гміна першай усталявала беларуска-польскія дарожныя ўказальнікі. Чакаецца, што бліжэйшым часам такое ж рашэнне прыме Рада гміны Чыжы.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Цалкам гутарку слухвйце ў далучаным гукавым файле.