|
|
У Варшаве адбылося ўручэньне ўзнагарод для журналістаў, якія пішуць пра Беларусь.
Конкурс ладзіць Інфармацыйнае Бюро салідарнасьці зь Беларусьсю. Сярод сёлетніх ляўрэатаў ёсьць і беларус.
Конкурс “Беларусь у фокусе” ладзіцца вось ужо другі год. Мэтай конкурсу зьяўляецца ўтрыманьне Беларусі ў фокусе зацікаўленасьці міжнародных СМІ. У конкурсе бяруць удзел працы журналістаў прысьвечаныя Беларусі, надрукаваныя ў сусьветных мэдыях. У гэтым годзе ўдзел у конкурсе ўзялі 60 артыкулаў 36 журналістаў з 16 краінаў сьвету. Міжнароднае журы складалася зь вядомых журналістаў, экспэртаў, выкладчыкаў, знаўцаў Беларусі.
У гэтым годзе пры ацэнцы артыкулаў журы зьвяртала асаблівую увагу на тое, наколькі ў іх раскрываецца новы ды арыгінальны пункт гледжаньня на Беларусь. То бок, каб Беларусь прадстаўлялася ня толькі праз прызму “апошняй дыктатуры Эўропы”. Гаворыць старшыня Інфармацыйнага Бюро салідарнасьці зь Беларусьсю Юлія Слуцкая.
Юлія Слуцкая: Дзяля чаго – добрае пытаньне! Напэўна дзеля таго, каб на Захадзе больш ведалі пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Дзеля таго, каб кола замежных журналістаў, якія пішуць пра Беларусь станавілася шырэйшым, каб яны больш паміж сабой кантактавалі й пашыралі кола кантактаў у Беларусі, каб тое, што яны пішуць пра Беларусь было больш прафэсійным.
Урачыстасьць уручэньня ўзнагарод пачалася зь вітальнага слова прадстаўніка польскага Прэс-клюбу Яраслава Ўладарчыка. Польскі журналіст пажадаў, каб наступны раз узнагароды раздаваліся ў менскім прэс-клюбе.
Яраслаў Уладарчык: Вітаем у прэс-клюбе на другой урачыстасьці ўручэньня ўзнагарод журналістам ды асобам, якія пішуць пра Беларусь. Таму што ня ўсе, хто гэта робіць, зьяўляюцца журналістамі. Традыцыйна, як часта гаворыцца на сустрэчах беларускага эміграцыйнага прэс-клюбу ў Варшаве, спадзяемся, што мы сустракаемся тут апошні раз. Наступная сустрэча адбудзецца ў вольным Менску.
Конкурс “Беларусь у фокусе” падтрымліваецца, між іншым, Амбасадай Канады. Канадзкі бок лічыць, што аб’ектыўная інфармацыя ў сёньняшнім сьвеце мае вялікае значэньне. Асабліва для такіх краін, як Беларусь, заявіла дарадчык Амбасады Памэла Ісфэльд.
Памэла Ісфэльд: Дзякуем усім журналістам за цяжкую працу, якая спрычынілася да таго, што сьвет больш даведаўся пра Беларусь, і пра тое, што там адбываецца.
У гэтым годзе ляўрэатамі сталі тры журналісты. Міхал Патоцкі з польскай штодзёнкі “Gazeta Prawna” за артыкул “На скрыжаваньні разладу асабовасьці”, Лёран Вінат’е “Сказ пра посьпехі дыктатуры”, апублікаваны ў The Global Journal, ды Андрэй Дынько за артыкул “Апошні дыктатар Эўропы” апублікаваны ў New York Times. Журы таксама адзначыла працы журналістаў з Грузіі, Нямеччыны ды Польшчы за нарысы пра Беларусь. На думку ляўрэата Андрэя Дынько, падобныя конкурсы павялічваюць увагу да Беларусі.
Андрэй Дынько: Такія рэчы павялічваюць увагу да Беларусі ў сьвеце. Дастаткова зірнуць на статыстуку. 30 гадоў таму колькі артыкулаў зьяўлялася пра Беларусь у замежнай прэсе? Думаю, што бывалі гады, калі ніводнага не было. Цяпер жа штогод пішуць сотні артыкулаў. Беларусь зьявілася ў сьвеце, для нас -- гэта найвялікшы цуд і радасьць. Да таго ж, заўсёды цікава даведацца, як цябе бачаць чужымі вачыма.
Прадстаўніца журы, леташняя ляўрэатка Палона Фрэліх, карэспандэнтка славенскага часопіса “Delo” у Маскве, зазначыла, што Беларусь гэта цікавая краіна. У гэтым годзе журы зрабіла свой выбар на карысьць тых, хто пісаў па-за стэрэатыпамі.
Палона Фрэліх: У гэтым годзе галоўнай тэмай конкурсу была Беларусь па-за стэрэатыпам “апошняй дыктатуры” ў Эўропе. Парадокс у тым, што адзін з артыкулаў-пераможцаў называецца “Апошняя дыктатура ў Эўропе”. Яшчэ ўчора мы доўга дыскутавалі на тэму, ці магчыма пісаць пра Беларусь, не ўзгадваючы дыктатуру. Я лічу, што гэта магчыма, але ці варта? Таму што журналісты – гэта не пісьменьнікі.
У Варшаве адбылася другая цырымонія ўручэньня ўзнагародаў пераможцаў конкурсу “Беларусь у фокусе” для міжнародных журналістаў, якія пішуць пра Беларусь.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч