Т. Севярынец: Ні ў РАУСах, ні ў судах звестак не даюць

Т. Севярынец: Ні ў РАУСах, ні ў судах звестак не даюць


Рыгор Кастусёў і Дзмітры Ус вызвалены, яны знаходзіліся ў так званай «амерыканцы». Таццяна Севярынец спрабуе дазнацца, дзе зараз яе затрыманы сын, кіраўнік выбарчага штабу Рымашэўскага Павал Севярынец.

У той жа час месцазнаходжанне іншых затрыманых, былых кандыдатаў у прэзідэнты – Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Віталя Рымашэўскага, Алеся Міхалевіча і Уладзіміра Някляева, надалей невядомае. Актывісты ўвесь час намагаюцца дазнацца звесткі аб затрыманых – кажа прадстаўнік Партыі БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец:

- Не ведаем, дзе знаходзяцца самі кандыдаты і кіраўнікі іх штабоў, і Павал таксама невядома дзе. У палове на 12-ю мне патэлефанаваў, сказаў, што ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе. І ўсё. Мы аб'ездзілі ўсе РАУСы ў Мінску, у ніводным нам не сказалі, што хтосці ёсць з Плошчы. Мы шукалі не толькі Паўла, шукалі і іншых нашых сяброў, ведалі толькі дакладна, што Ірына Губская знаходзіцца ў Маскоўскім РАУСе. І там людзей было яшчэ чалавек 70. Мы з раніцы паспрабавалі высветліць гэта ў Доме правасуддзя, дзе знаходзяцца суды трох раёнаў - Ленінскага, Кастрычніцскага і Маскоўскага - але ні адзін кіраўнік суда не змаглі даць звестак, хто арыштаваны, каго судзяць і каго будуць судзіць.

Таксама сёння адбыўся вобшук і канфіскацыя аргтэхнікі на офісе партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Па словах Таццяны Севярынец, офіс на дадзены момант апячатаны, усе рэчы з яго вынесены.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя