Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” - рэстаўрацыя ці прафанацыя?

Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” - рэстаўрацыя ці прафанацыя?


У бягучым годзе будуць адноўлены 22 аб’екты, якія ўваходзяць у дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”. На працу па рэканструкцыі, кансервацыі і ўпарадкаванні гістарычнай спадчыны будзе выдаткавана крыху больш за 35 мільярдаў рублёў.

Па словах прадстаўніка Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, агулам у праграму “Замкі Беларусі” ўключана 38 аб’ектаў, на яе рэалізацыю будзе выдадзена некалькі соцен мільярдаў рублёў:

- Чакаецца, што яны, асабліва Нясвіжскі замак павінен працаваць не проста, як аб’ект паказу, але і як пэўны навукова-даследчы цэнтр, цэнтр тэатра, бо ў Радзівілаў быў адзін з цікавейшых тэатраў, яны стваралі музей, яны былі калекцыянерамі. Мы чакаем, што прыблізна ў такім накірунку на ўсіх гэтых 38-мі аб’ектах, на кожным па-свойму ўсё адбудзецца, на гэта і працуе вялікі калектыў людзей і органаў мясцовага кіравання і рэспубліканскае кіраванне.  

Кіраўнік Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч скептычна ставіцца да планаў улады:

- Гэта праграма не пралічана, я не ведаю, як можна, напрыклад, закладаць такія лічбы. Камянецкая вежа - аб’ём фінансавання 51, 8 мільён рублёў. Прабачце мяне, але гэта 10 сярэдніх месячных заробкаў па Беларусі. Што можна зрабіць на аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны за 51, 8 мільён рублёў? Гэта проста тэхнічнае абслугоўванне аб’екта і ўпарадкаванне тэрыторыі.

Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” будзе рэалізаваная да 2018 года. Яе мэта - стварэнне спрыяльных умоў для захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя