|
|
Анджэй Хадкевіч: Мы хочам падтрымліваць ідэі беларускіх арганізацый
Сваёй працай на культурнай ніве генеральнае консульства Польшчы ў Гародні спрабуе давесці, што агульная гістарычная спадчына народаў-суседзяў мусіць быць захаваная. Культурныя праекты, якімі павінныя займацца мясцовыя ўлады, цягам некалькіх гадоў ажыццяўляе дыпламатычнае прадстаўніцтва, аказваючы пры гэтым значную дапамогу беларускім навукоўцам і мастакам, - кажа генеральны консул Анджэй Хадкевіч:
- Усялякія дзеянні не толькі польскіх грамадскіх арганізацый ці палякаў, які жывуць у Беларусі, але таксама ідэі беларускіх грамадскіх арганізацый у гэтай сферы мы хочам падтрымліваць. Таму, калі Таварыства польскіх мастакоў арганізавала ў гарадзенскай галерэі выдатную выставу прысвечаную паўстанню 1863 года з удзелам шматлікіх беларускіх артыстаў, то мы адразу прыклалі намаганні, каб выстава адправілася ў Польшчу, каб і палякі маглі яе паглядзець. Мы зацікаўленыя ў тым, каб падтрымліваць беларускіх гісторыкаў. Да прыкладу, канферэнцыя, якая была арганізаваная Беларускім гістарычным таварыствам у Дзень Гародні, у так званы Дзень Губерта. Не ведаю ці адбудзецца яна ў гэтым годзе, бо кіраўнік БГТ казаў мне, што напэўна абяруць іншую форму, але я думаю, што разам мы арганізуем можа і не “Гарадзенскі палімпсест”, але нейкую іншую сустрэчу на гістарычную тэму ў гэтым годзе. Тым больш, што зноў вернемся да паўстання 1863 года, бо гэта важны год для Польшчы, думаю, што для Беларусі таксама. 150-ая гадавіна паўстання павінна адзначацца ў абедзвюх краінах. З гэтай нагоды хацеў бы нейкае марапрыемства прысвечанае гісторыі арганізаваць супольна з беларускімі гісторыкамі ў траўні, а калі не, то дакладна восенню.
РР: Якія помнікі з удзелам консульства, ураду Польшчы, ужо пастаўлены на Гарадзеншчыне і што плануецца?
- Ведаем, што для гістарычнай памяці вельмі важная не толькі літаратура, не толькі навуковыя канферэнцыі, не толькі гістарычныя кнігі, а памяць пра месцы, якія менш звязаныя з гісторыяй. Я думаю, што самая важная задача для нас, для консульства - гэта падтрымка польскіх арганізацый, але калі з’явяцца беларускія ініцыятывы, то таксама ахвотна запрашаем, калі гэта дзейнасць, якая служыць аднаўленню памятных месцаў. Ведаем, што каля 20-ці гадоў таму, напачатку 90-ых на тэрыторыі Беларусі было адноўлена шмат вайсковых пахаванняў, асабліва партызанаў Арміі Краёвай, але таксама і жаўнераў Першай сусветнай вайны, вайны 1920 года. Мы хочам супольна, перадусім з польскімі арганізацыямі, бо яны да нас звяртаюцца, аднавіць гэтыя месцы з нагоды гадавіны паўстання. Мы зацікаўленыя ў тым, каб месцы звязаныя з памяццю пра паўстанне былі ўпарадкаваныя. Я прыгадваю помнік адноўлены польскай грамадскасцю на месцы пахавання паўстанцаў у Азёрах, а таксама памятную дошку прысвечаную Нарбуту, якая вярнулася ў касцёл у Лідзе. Такога кшталту ініцыятывы мы будзем у гэтым годзе падтрымліваць, думаю яны з’явяцца. Таксама хацеў бы скончыць справы звязаныя з ушанаваннем асобаў не толькі з найноўшай гісторыяй 20-га стагоддзя, але і з гісторыі ранейшай, нашай супольнай спадчыны. Мы былі заангажаваныя ў фінансаванне аднаўлення памятнай дошкі ў гонар Стэфана Баторыя ў Катэдры. У мінулым годзе мы аднавілі месца пахавання палкоўніка Дунін-Раецкага, камандзіра 19-га палка ўланаў Варшаўскага княства, які ў 1812 годзе з’явіўся ў Наваградку, у яго былым маёнтку ў Обрыні.
Анджэй Хадкевіч спадзяецца, што сіламі дыппрадстаўніцтва на Гарадзеншчыне будуць аднаўляцца месцы супольнай гісторыі Польшчы і Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня