Вінцук Вячорка: Ідэалы 25 сакавіка - свабодная дзяржава свабодных беларусаў

Ідэалы 25 сакавіка - свабодная дзяржава свабодных беларусаў


У Беларусі працягваюцца абмеркаванні, як найлепш адзначыць свята 25 сакавіка. Пра запаветы Беларускай Народнай Рэспублікі ў студыі нашага радыё распавёў сябра арганізацыйнага камітэта партыі “Беларускі рух” Вінцук Вячорка.

РР: 25 сакавіка – свята, якое раз’ядноўвае беларусаў, ці можа гэта свята, якое аб’ядноўвае беларусаў? 25 сакавіка – амаль святы дзень для прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, для прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў. Але відавочна, што 25 сакавіка не святкуюць, напрыклад, шчырыя сябры БРСМ. Дык аб’ядноўвае беларусаў 25 сакавіка ці раз’ядноўвае?

- Трэба найперш згадаць, што за гэтай датай стаіць, – гэта ўтварэнне першай беларускай дзяржавы новага кшталту - еўрапейскай, нацыянальнай, дэмакратычнай дзяржавы. Такой, як і ўсе іншыя нашыя суседзі. І ў гэтым сэнсе не было б БНР - не было б і БССР, той псеўдадзяржавы, але ўсё ж такі з нейкімі фармальнымі элементамі дзяржаўнасці. І, напэўна, наша гісторыя пайшла б інакш, невядома, ці так лёгка нам было б у 1990-1991 аднавіць фактычную дзяржаўнасць. У сэнсе, што не было б цяперашняй дзяржавы Беларусі без 25 сакавіка. Ясна, што факт гэты нас яднае.

РР: Было пра што думаць, было на што абаперціся ў 90-х гадах, маючы гісторыю 25 сакавіка і гісторыю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

- Па-першае, усе папярэднія хвалі беларускага адраджэння, якія знішчалі, а іхніх актывістаў садзілі ў турмы, усе абапіраліся на ідэалы 25 сакавіка, якія можна звесці да вельмі кароткай формулы: свабодная дзяржава свабодных беларусаў.

РР: Сёння мы накіравалі нашага карэспандэнта на вуліцы Берасця. У карэспандэнта не атрымаўся замоўлены матэрыял, паколькі людзі ў большасці не ведаюць пра 25 сакавіка.

- Натуральна, што праблема ў грамадстве ёсць. Праблема гэтая: штучнае пазбаўленне гістарычнай праўды, яе выкараненне. І гэтае выкараненне не сёння і не ўчора і не Лукашэнкам пачалося. Ён проста працягвае савецкую, сталінскую завядзёнку. Калі мне было 20 гадоў і я жыў пад савецкай уладай, я інтуітыўна адчуваў, што ёсць нейкая іншая праўда, што ёсць інакшая гісторыя нашай сапраўды беларускай дзяржавы, што быў іншы лёс у нашай мовы і што былі іншыя сцяг і герб. Яно так, па-праўдзе, і адбылося, да гэтага маё пакаленне дакапалася насуперак забаронам і пераследу тых людзей, якія тую праўду пра Беларускую Народную Рэспубліку, пра айцоў яе, пра першых нашых прэзідэнтаў раскрывалі. Фактычна тое ж самае і цяпер. Кароткі перыяд пачатку 90-х, калі пра гэта гаварылі і ў школе, калі ў школьных падручніках пра гэта пісалі, той час прамінуў. І цяпер, хаця згадваюць 25 сакавіка пабежна і ў падручніках гісторыі ХХ стагоддзя для школы, але так згадваюць, што ў дзяцей у свядомасці мала што застаецца.

РР: Сапраўды гэты нацыянальны чыннік развіцця беларускай дзяржавы пры Лукашэнку, скажам так, не вельмі папулярны. Працягваецца савецкая ідэалогія. Баяцца нацыянальнага беларускага? Як гэта можна патлумачыць?

- Я думаю, што гэтая ўлада баіцца паяднання людзей на аснове каштоўнасцяў, на аснове сапраўднага, а не выдуманага, патрыятызму і на аснове гістарычных каранёў. Гісторыя Беларусі пачынаецца не з 1994 году і не з 1944-га. Акурат на гэты год чамусьці перанесеная дата адзначэння Дня незалежнасці – 3 ліпеня 1944 году. Хаця гэта дзень выгнання гітлераўскіх акупантаў і прыходу савецкай арміі. Гэта не звязана з дзяржаўнай незалежнасцю Беларусі.

РР: І нават не з Беларусі, а толькі з Менску, паколькі частка Беларусі яшчэ была занятая пася гэтай даты... Мае дзіцячыя адчуванні і мае дзіцячыя ўспаміны... Мне вельмі пашчасціла, паколькі я вучыўся ў пачатковых класах у беларускамоўнай школе, калі акурат быў пачатак 90-х гадоў. Вельмі выдатна памятаю, мая сястра была старэйшая і ў іх ужо была такая цікавая кніжка, якая называлася “Мая краіна Беларусь”. У ёй акурат расказвалася легенда пра паходжанне бел-чырвона-белага сцягу. Пра рыцара, якога паранілі, які ўзняў акрываўленую тканіну над галавой і павёў за сабой войска на ворага. Відавона, што гэта легенда. Але вельмі цікавая. Што можа сёння выратаваць 25 сакавіка, каб гэтая дата стала нацыянальным святам і вядомай для ўсіх беларусаў? Можа вось такія цікавыя легенды, ад якіх сапраўды ўзрушаешся.

- Легенду гэтую, дзеля праўды, прыдумаў мой сябра, паэт, бард Сяржук Сокалаў-Воюш, ад чаго яна ёсць не менш прыгожаю, хаця карані нашых нацыянальных колераў, яны як раз у нацыянальнай народнай традыцыі – вышыўка, ткацтва, колеры архітэктурных фасадаў Мірскага замку альбо Сынковіцкага храму. Тут ніякай прыдумкі няма. Нацыянальныя колеры былі ўзятыя як нацыянальны сцяг як раз тымі самымі айцамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Вы пытаецеся, як выратаваць 25 сакавіка? Я дык думаю, што акурат 25 сакавіка нас павінна выратаваць. Як раз тыя ідэалы, якія ратавалі, якія давалі імпульс пабудовы свайго дзяржаўнага дому іншым нацыям – эстонцаў, латышоў і літоўцаў - на поўначы, ды баўгараў і румынаў – на поўдні, яны, тыя ж самыя імпульсы, застаюцца актуальнымі па-ранейшаму для нас цяпер, таму што калі мы не будзем мець сваёй самаістасці, мы страцім шансы адбудаваць наш дзяржаўны дом. Нас паглыне зноў недэмакратычнае ўсходняе мора.

РР: І атрымліваецца, каб усё гэта адбылося, павінна змяніцца ўлада ў Беларусі, якая сёння ёсць, альбо можа кожны беларус мусіць сабе задаць пытанні: хто я ёсць і якія мае сімвалы?

- Думаю, што цяпершняя ўлада не зацікаўленая і не будзе зацікаўленая ў скансалідаваным беларускім грамадстве. Не зацікаўленая ў адбудове беларускай дэмакратычнай нацыі, таму што такая нацыя захоча падсправаздачнага, змяняльнага кіраўніцтва, якое бароніць яе, нацыі, інтарэсы. Іншая рэч, што ў нашым грамадстве з’явіцца сіла памяняць сітуацыю толькі тады, калі яно ўсведаміць сябе адным цэлым і будзе мець мэты, разумець нашто. А на тое, што мы хочам будаваць наш беларускі дом, які будуць шанаваць усе нашыя суседзі.

РР: Гэтыя змены, якія могуць быць, яны залежаць ад людзей, грамадства, ад супольнасці, у якую мусяць аб’яднацца, каб быць разам, альбо можа ад кожнага паасобку чалавека, які зразумее нешта ўнутры сябе?

- Вось з такіх усвядомленых людзей грамадства і складаецца. Мы беларусы, вядома, дастаткова індывідуалістычны народ, і гэта дапамагала ў крытычныя павароты гісторыі выжываць, заўсёды ў беларуса, у самыя галадаморныя часы, быў апошні, ну самы апошні, самы-самы апошні мяшок з бульбай, які ніякая продразвёрстка ніяк не магла знайсці. Але з іншага боку, тады, калі да гэтага індывідуалізму не дадаецца гатоўнасць з’яднацца і зрабіць адважны вычын у крытычныя павароты, то нас па адным, на жаль, з’ядуць.

РР: Пажадаем нам з’яднацца і каб свята 25 сакавіка нас сапраўды аб’ядноўвала.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя