|
|
Гарадзенцы прыдумалі першую беларускую настольную гульню
Удзельнікі гульні "Паўстанцы" пераносяцца ў часе на 150 гадоў назад - у атмасфэру 1863 года.
Аматары настольных гульняў і беларускай гісторыі атрымалі выдатны падарунак з нагоды 150-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага: зьявілася першая беларуская настольная гульня – «Паўстанцы». Удзельнікі гульні пераносяцца ў часе на 150 гадоў назад - у атмасфэру 1863 года. Кожны гулец можа стаць знакамітай гістарычнай асобай - Каліноўскім, Урублеўскім, Мураўёвым альбо простым беларусам, і ўплываць на ход паўстаньня.
Як і мноства геніяльных справаў, ідэя стварыць беларускую па форме й зьмесьце настольную гульню нарадзілася выпадкова. Гарадзенскі паэт Антон Янкоўскі й дызыйнэрка Настасься Лукашкова зьяўляюцца вялікімі аматарамі настольных гульняў. Калі аднойчы яны захацелі згуляць у беларускую гульню, то выявілася, што ані знаёмыя, ані Інтэрнэт ніколі пра такі прадукт ня чулі. Маладым гарадзенцам нічога не заставалася, як праявіць уласную ініцыятыву й самім стварыць беларускую гульню.
А. Янкоўскі: У кагосьці ёсьць гульня “Мафія”, а што ў нас ёсьць адметнае? Паўстанцы. Спачатаку гэта быў жарт, але пасьля ўсё стала сур’ёзна. Прыдумалі свае правілы, пратэствалі, дапрацавалі, зьмянілі дызайн. Калі мы пабачылі, што гульня вартая, то вырашылі паказаць яе іншым.
На рэалізацыю задумы пайшло каля паўгоду. Галоўную працу ўзялі на сябе Антон і Настасься, але дапамагалі й сябры.
“Паўстанцы” чымсьці нагадваюць вядомую настольную гульню “Мафія”. Гульцоў можа быць ад 6 да 20 чалавек, існуюць тры калоды карт: “Пэрсанаж”, “Выбар”, “Лёс”.
Задача ў тым, каб рассакрэціць суперніка й забіць яго. Але ў беларускай гульні ёсьць шэраг сваіх асаблівасьцяў. У ёй прысутнічае каманда паўстанцаў - гэта рэальныя гістарычныя асобы, і каманда царскіх службоўцаў: Мураўёў, тагачасныя віленскія й гарадзенскія губэрнатары. І трэцяя каманда – простыя беларусы, на чыёй тэрыторыі адбываецца паўстаньне. Асноўная мэта гульні – гэта барацьба паміж паўстанцамі й царскімі службоўцамі. Гульня заканчваецца тады, калі хтосьці зь іх перамагае.
А. Янкоўскі: У нас ёсьць некалькі дадатковых правіл, якія вырашаюць лёс паўстанца. Яго могуць павесіць на шыбеніцы альбо ён можа зьбегчы ў пушчу. Ёсьць і іншыя варыянты сыходу яго лёсу. Ёсьць калода выбару, якая вырашае на чый бок стануць беларусы. Мы спрабавалі змадуляваць паўстаньне, каб усё ў гульні нагадвала сапраўдныя падзеі. Напрыклад, беларусы могуць выбраць любы бок, і так было насамрэч. Паўстанцаў і царскіх службоўцаў чакаў розны сыход: сьмерць, шыбеніца, уцёкі за мяжу.
Першапачаткова “Паўстанцы” меліся быць гульнёй для сваёй кампаніі. Але пабачыўшы ажыятаж і пазытыўныя водгукі, Антон і Настасься вырашылі распачаць масавую вытворчасьць гульні. Яе ўжо цяпер можна набыць у незалежных распаўсюднікаў. Ёсьць два камплекты гульні: адзін зь льняным мяшочкам за 100 тысяч рублёў і ў скураным чахле за 150 тысяч.
Настасься й Антон спыняцца на “Паўстанцах” не зьбіраюцца. Ужо цяпер яны прадумваюць чарговыя ідэі беларускіх настольных гульняў.
Н. Лукашкова: У нас ужо ёсьць напрацоўкі на будучыя настольныя гульні. Калі ўсё пойдзе добра, то зьявіцца нешта яшчэ. Заўжды прыемна займацца прасоўваньнем беларускай мовы, гісторыі й культуры. Але гульні мы плянуем рознай тэматыкі. Гэта й дзячыя праекты, гульні для моладзі. Але наш галоўны прынцып, каб гэта былі менавіта беларускамоўныя настольныя гульні. Гэтая ніша ўсё яшчэ пустуе.
28 лютага Настасься й Антон прэзэнтавалі гульню ў Горадні. У суботу прэзэнтацыя “Паўстанцаў” пройдзе ў Менску. І на гэтым турнэ аўтараў першай беларускай настольнай гульні ня скончыцца: Настасьсю й Антона ўжо запрасілі на прэзэнтацыі ў Берасьце, Віцебск і Гомель.
дг