Памёр Валянцін Грыцкевіч

Памёр Валянцін Грыцкевіч


Памёр сябра вялікай рады “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Валянцін Грыцкевіч. Гэта здарылася сёння, 5 сакавіка. У канцы сакавіка Валянціну Грыцкевічу павінна было споўніцца 80 гадоў.

Валянцін Грыцкевіч быў адным з арганізатараў і нязменным старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу і, бясспрэчна, паспрыяў таму, каб у горадзе на Няве быў актыўны беларускі асяродак, - кажа старшыня рады ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская:

- Увесь гэты працяглы час ён быў сябрам нашай вялікай рады, і не проста намінальна, а быў чалавекам з якім мы трымалі сувязь, актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні прынцыповых канцэптуальных пытанняў дзейнасці згуртавання. Гэтая вестка канешне моцна нас засмуціла. Ён зрабіў унёсак не толькі ў грамадскую дзейнасць, але і як навуковец, выдаў шмат манаграфій, шмат кніг. Адыйшоў у іншы свет чалавек на якім трымалася беларускае жыццё ў Пецярбургу.  

Валянцін Грыцкевіч аўтар некалькіх сотняў навуковых публікацый па гісторыі медыцыны і музейнай справы. Аб’ектам яго даследаванняў былі таксама біяграфіі беларускай інтэлігенцыі ў замежжы.

Прыносім шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім Валянціна Грыцкевіча, яго сябрам і калегам.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя