|
|
3 сакавіка Слонімшчына развіталася з доктарам філалагічных навук, беларускім паэтам, літаратуразнаўцам і перакладчыкам Міколам Арочкам. Яго пахавалі на могілках роднай вёскі Вецявічы каля магіл двух сыноў.
Развітацца з Міколам Арочкам прыйшлі толькі яго родныя людзі і вяскоўцы, а таксама са Слоніма прыехалі некалькі сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Нікога з кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў не было, так як і не завіталі ніхто на паховіны з мясцовых вертыкальшчыкаў. За дамавінай у жалобе ішлі жонка Марыя і ўнук Валера.
Ідучы за імі мне прыгадаліся радкі Міколы Арочка з першага зборніка вершаў “Не ўсе лугі пакошаны…” (1958):
Іду, як заварожаны,
А спеў плыве з-за гаці:
Ці ўсе лугі пакошаны,
Ці ўсе сенажаці?..
Некалі дзясяткі гадоў доктар навук касіў лугі і сенажаці у роднай вёсцы Вецявічы.
Лёс не па добрай волі загнаў яго ў вёску. На мясцовым пагосце пахаваны два яго сыны, якіх маладымі забілі ў Менску. Таму Арочкі вярнуліся да сыноў, да землякоў, на Бацькаўшчыну. Там і жылі, трымалі курэй, свіней, коз. Займаліся гаспадаркай, а ў вольны час Мікола Арочка пісаў.
Я там часта бываў, размаўляў з гэтым мудрым, таленавітым і цікавым чалавекам. Працаваў ён спачатку ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1966 года быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Напісаў і выдаў дзясяткі кніг паэзіі і прозы, літаратуразнаўчых даследаванняў, крытыкі, перакладаў. Важкім дасягненнем беларускай літаратуры сталі яго драматызаваныя гістарычныя паэмы “Судны дзень Скарыны", “Крэва", "Курганне", “Каранацыя Мендаўга". Ён даследаваў творчасць Максіма Танка, Валянціна Таўлая, беларускую паэму і г.д.
Адпяваў Міколу Арочку ў яго роднай хаце і на могілках мясцовы святар айцец Леанід. Мікола Арочка назаўсёды пайшоў да сваіх сыноў, якіх моцна і шчыра любіў, як любіў Беларусь, перажываў за яе і лёс беларусаў, як любіў родную зямельку, якой ўсё жыццё складаў гімны.
Сяргей Чыгрын, фота аўтара