|
|
А. Гарцуеў: Нашыя культуры павінны перасякацца
"Спекталь вельмі моцны," - ахарактарызаваў апошнюю працу рэжысёра Агнешкі Карыткоўскай-Мазур мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) Аляксандр Гарцуеў, які гэтымі дня ў складзе дэлегацыі беларускіх тэатралаў знаходзіцца ў Беластоку. Прэм’ера спектакля “Чарнобыль. Last Minute” па творы вядомой беларускай пісьменіцы Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва” ў беластоцкім Драматычным тэатры імя Венгеркі прайшла напэрэдадні. Беларускія тэатралы запрасілі Агнешку Карыткоўскую-Мазур для сумеснай працы на менскай сцене, кажа Аляксандр Гарцуеў.
РР: Цяпер вы знаходзіцеся з візітам на Беласточчыне. Наколькі я разумею, гэта зваротны візіт?
– Гэта сапраўды зваротны візіт, мэта простая – нарэшце зладзіць нейкія кантакты з Беласточчынай, дзеля таго, каб потым абменьвацца спектаклямі, нейкімі мерапрыемствамі. Планаў вельмі шмат, пачынаючы з чытанняў беларускіх п'ес, заканчваючы тым, што будзе абмен паміж тэатрамі спектаклямі. І не толькі беластоцкі Драматычны тэатр імя Венгеркі, але і тэатр Вершалін і іншыя тэатральныя групоўкі, якія існуюць у Беластоку, нас зацікавілі. Мы ўпэўненыя, што гэты кантакт будзе наладжаны.
РР: Магчыма вас як рэжысёра, як мастацкага кіраўніка тэатра зацікавілі нейкія польскія п'есы, якія хацелася б паставіць на пляцоўцы, якая ў Беларусі лічыцца эксперыментальнай?
– Пакуль што ініцыятыва была больш з польскага боку, палякі зацікавіліся новай беларускай драматургіяй. Калі казаць пра польскія п'есы, то больш размытая сітуацыя. Названыя гэтыя п'есы, але гэта трошкі далей, хаця абавязкова будзе. З польскага боку больш канкрэтыкі, ён зацікавіўся канкрэтнымі назвамі, канкрэтнымі імёнамі. Мы проста менш ведаем, трэба пачытаць, пазнаёміцца.
РР: Вы прысутнічалі на прэм'еры спектакля па Чарнобыльскай малітве Святланы Алексіевіч.
– Спектакль з такой назвай ідзе і ў нашым тэатры, ставіў яго французскі рэжысёр некалькі гадоў таму. І таму ёсць з чым параўнаць. Спектаклі розныя. Першае ўражанне самае вялікае ад спектакля ў Беластоку – гэта рэжысёрскі ход. Мяне вельмі зацікавіла, тое, што робіць Агнешка. І нават гэта скончылася тым, што я зрабіў ёй прапанову паставіць спектакль у Тэатры беларускай драматургіі. Я думаю, што гэта адбудзецца. Можа не хутка, але праз год-паўтара гэта адбудзецца абавязкова. Да гэтага яна будзе прыязджаць і мы будзем прыязджаць сюды, рабіць чытанні. Таму што тое, што яна зрабіла ў гэтым спектаклі, я скажу як прафесійны чалавек, што гэта вельмі крута, вельмі цудоўна, гэта праца з акцёрамі, гэта еўрапейская форма, якой можа дзесьці не дастае ў нас. Мы выберам нейкую беларускую п'есу, яна яе зробіць і я ўпэўнены, што гэта ў Менску выкліча вялікую цікавасць.
РР: Прынята казаць, што еўрапейскі тэатр больш мадэрнавы, а беларускі тэатр больш кансерватыўны. Ці польскі падыход да тэатру вас зацівавіў?
– Ён заўсёды мяне цікавіў, я ўсё жыццё быў побач з Польшчай. Я вырас у горадзе Гародні. Мне вельмі проста з палякамі размаўляць. Гэта культура блізкая да мяне. І тэатральная культура Польшчы вельмі блізкая. У часы сваёй маладосці я быў пад вельмі моцным уплывам польскай тэатральнай культуры. Але час робіць сваю карэкцыю, месца, дзе працуеш, робіць сваю карэкцыю. Калісьці ў мяне быў такі спектакль «Крывавая Мэры», з якім мы палову Еўропы аб'ехалі, у тым ліку былі і ў Беластоку. Гэта быў мой авангард. Цяпер я, мабыць, стаў больш традыцыйны як рэжысёр, але гэта наша радзіма, у нас ёсць свае глядацкія сімпатыі. Польскі тэатр – гэта пік тэатральнага жыцця. Я памятаю тыя гады, калі мы будучы студэнтамі праўдамі-няпраўдамі глядзелі, што робіцца менавіта ў Польшчы, не ў Германіі, не ў Англіі, а ў Польшчы.
РР: Я так разумею, што сустрэчамі ў Беластоку вы задаволеныя і спадзяецеся, што будзе гэта ўсё працягвацца?
– За гэтыя 2 дні мы правялі столькі сустрэч, што цяпер хрыху нават палохаюся, ці сапраўды мы столькі зможам зрабіць, пра што дамовіліся. Але гэта вельмі класна, калі мы гэта ўсё зробім. Таму што я ўбачыў іншых людзей, новыя тэндэнцыі. Вельмі хочацца, каб быў абмен. Таму што культура польская і беларуская вельмі блізкая. Мы павінны неяк перасякацца, мы гэта абавязаны рабіць, калі мы думаем пра наступнае пакаленне гледачоў, пра наступнае пакаленне нашай беларускай нацыі. Яна павінна ўцягваць у сябе лепшыя еўрапейскія тэндэнцыі мастацтва.
П’есу, якую беластоцкі рэжысёр Агнешка Карыткоўская-Мазур можа паставіць на сцэне РТБД пакуль не вызначылі. Гэта павінны быць нешта сучаснае, беларускае мякруе мастацткі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя