|
|
У рэлігійнага штомесячніка “Przegląd Prawosławny” з’явіліся фінансавыя праблемы. Экуменічны Фонд “Талерантнасць” адмовіў у далейшым фінансаванні выдання, ды напалову зменшыла сваю датацыю Міністэрства культуры.
Як кажа галоўны рэдактар часопіса і дэпутат польскага Сейма Яўген Чыквін, падтрымка ў гэтай сітуацыі чакаецца найперш ад чытачоў:
– Добрым словам трэба падтрымаць, будзем старацца, каб неяк было, бо часопіс патрэбны, але пакуль нічога канкрэтнага сказаць не магу.
РР: Як выглядае сітуацыя з журналістамі? Ці яны працягваюць сваю працу?
– Яшчэ тры месяцы маюць працу, пасля могуць быць зволненыя.
Па словах журналісткі выдання Наталлі Клімук, відавочна, не спрыяе атрыманню датацыі праваслаўны характар выдання:
– Гэта іх жаданне. 28 гадоў нас фінансавалі, цяпер нешта ў іх змянілася. Нам неяк так здаецца, што прыметнік «праваслаўны» робіць тое, што струмень грошай, скажам так, закрываецца, што слова «праваслаўны» не з'яўляецца добрым словам, каб атрымаць грошы.
Як ужо паведамлялася, рэлігійны месячнік “Пшэглёнд Праваслаўны” апынуўся перад пагрозай закрыцця з прычыны прыпынення фінанасавання з боку Фонду “Талерантнасць” і з боку дзяржавы.
Як паведаміла найстарэйшая супрацоўніца штомесячніка, журналістка Анна Радзюкевіч, асноўная прычына ў тым, што стаўленне да часопіса “Przegląd Prawosławny” змянілася разам са зменай яго кіраўніцтва:
– Цягам 28-і год Фондам «Талерантнасць» у Варшаве кіраваў Казімеж Маравскі, які хацеў дапамагаць праваслаўнаму асяроддзю. У мінулым годзе яго пахавалі, змянілася кіраўніцтва фонда і змянілася палітыка. Цяпер мы павінны прыняць пад увагу рашэнне новага кіраўніцтва.
Па словах Анны Радзюкевіч, зараз таксама дзяржаўныя датацыі накіроўваюцца ў першую чаргу нацыянальным, а не канфесійным меншасцям.
У сувязі з пагрозай закрыцця часопіса “Przegląd Prawosławny” вядомы беластоцкі кінарэжысёр і журналіст Юры Каліна заклікаў чытачоў услед за ім фінансава падтрымаць выданне, якое, на яго думку, вартае падтрымкі:
– Калі я прачытаў, што “Przegląd Prawosławny” хутчэй за ўсё не будзе мець фінансавання з боку Фонда «Талерантнасць», я палічыў, што дам асабіста ад сябе 100 злотых у месяц, каб гэтая рэдакцыя магла нармальна існаваць. Лічу, што калі хочам мець добра рэдагаваны праваслаўны часопіс, то кожны з нас павінен даць нешта ад сябе. Калі не я, то хто! Такі заклік я зрабіў для ўсіх чытачоў.
Па словах Юры Каліны, “Przegląd Prawosławny” карыстаецца значнай і заслужанай папулярнасцю сярод праваслаўных жыхароў Польшчы, хаця ён асабіста не цалкам падзяляе праграмную лінію выдання. Тым не менш Юры Каліна лічыць, што самі чытачы павінны не дапусціць таго, каб з прычыны адстунасці сродкаў штомесячнік перастаў выходзіць.
«Przegląd Prawosławny» – гэта папулярны на Беласточчыне рэлігійны праваслаўны штомесячнік. Як запэўніў яго галоўны рэдактар Яўген Чыквін, наступны нумар чытачы абавязкова пабачаць.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток