|
|
“Урад Лукашэнкі не зацікаўлены супрацай у адрозьненьні ад уладаў Малдовы ці Тунісу”.
Пачынае дзейнічаць Эўрапейскі дэмакратычны фонд (The European Endowment for Democracy)– адна з асноўных польскіх ініцыятываў у Эўразьвязе.
Фонд узьнік з мэтай падтрымкі дэмакратычных пераменаў у краінах, паўднёвых і ўсходніх суседках ЭЗ.
Фонд накіраваны на падтрымку дзейнасьці лідараў прадэмакратычных пераменаў, незалежных СМІ, няўрадавых арганізацыяў.
Стварыць фонд запрапанаваў кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі ў студзені 2011 года, то бок пасьля жорсткага падаўленьня антыўрадавых пратэстаў у Беларусі й пасьля пачатку Арабскай вясны.
Ці Эўрапейскі дэмакратычны фонд надалей неабходны й ці можа прынесьці канкрэтныя вынікі? З такім пытаньнем мы зьвяртаемся да аўтара ідэі стварэньня Эўрапейскага дэмакратычнага фонда, былога віцэ-кіраўніка МЗС і дзейснага старшыні Фонду міжнароднай салідарнасьці Кшыштафа Станоўскага.
Кшыштаф Станоўскі: Польшча – чалец Эўразьвязу й дэмакратычная краіна. Таму яна хоча, каб у ейным бліжэйшым суседзтве, ды ня толькі ў бліжэйшым, існавалі краіны, грамадзяне якіх могуць самі вырашаць пра свой лёс. Дэмакратычны сусед зьяўляецца больш бясьпечным, прадказальным і адкрытым на дыялёг. Калі нашымі суседзямі зьяўляюцца краіны, у якіх шаленства адной асобы, то бок нейкага генэрала ці прэзыдэнта, які можа вырашаць пра вайну, мір ці свабодную эканоміку, то гэта небясьпечна для ўсіх нас. Менавіта таму падтрымка дэмакратыі - гэта натуральная справа. З другога боку, мы, палякі, ня маем права адмаўляць іншым у тым, за што мы самі змагаліся, то бок у свабодных СМІ, асноўных правах чалавека, прыстойным Асноўным законе ды ў магчымасьці свабоднага выказваньня пра важныя справы.
Хто можа разьлічваць на падтрымку ў рамках Эўрапейскага дэмакратычнага фонду?
Кшыштаф Станоўскі: Эўрапейскі дэмакратычны фонд – гэта супольная ўстанова Эўразьвязу. Чальцоўскія краіны, перш за ўсё тыя, якія падтрымліваюць яго ў фінансавым пляне (апошнім часам таксама Швэйцарыя), вырашаюць пра тое, у якіх геаграфічных рэгіёнах будуць ажыцьцяўляцца паасобныя праекты. Кіраўніком Эўрапейскага дэмакратычнага фонда стаў паляк Ежы Памяноўскі.
Праекты будуць накіраваныя як для краінаў-чальцоў праграмы „Ўсходняга партнэрства”, так і краінаў Паўночнай Афрыкі ці Блізкага Ўсходу. Засноўваючы фонд мы ад пачатку думалі пра М’янму, Кубу… Так што фонд не зьяўляецца праэўрапейскім інструмэнтам. Ён будзе дзейнічаць там, дзе ўзьнікаюць гэткія патрэбы. Мы спадзяецца, што шанец на дзейнасьць фонду зьявіцца, напрыклад, у Паўночнай Карэі, дзе патрэбы намнога большыя, чым у іншых месцах.
Ці Эўрапейскі дэмакратычны фонд ня будзе дубляваць дзеяньня іншых структураў, якія займаюцца падтрымкай і прасоўваньнем дэмакратычных каштоўнасьцяў? Дзейнічае ўжо шмат няўрадавых і міжнародных арганізацыяў, якія гэткай дзейнасьцю займаюцца.
Кшыштаф Станоўскі: Трэба згадаць пра дзьве справы. Па-першае, эўрапейскі інструмэнт падтрымкі дэмакратыі й правоў чалавека мае свае абмежаваньні. Таму мы стварылі фонд, якi будзе дзейнічаць у месцах, дзе няма палітычнага жаданьня да супрацоўніцтва. Напрыклад, урад Аляксандра Лукашэнкі не зацікаўлены супрацай у адрозьненьні ад уладаў Малдовы ці Тунісу. Фонд будзе дзейнічаць у тых месцах, дзе рашэньне трэба прыняць неадкладна, неадкладна аказаць дапамогу. Другая справа: нам патрэбная ўстанова, якая будзе прадстаўляць нас – эўрапейцаў, якая будзе зьвяртаць увагу на тое, што эўрапейцы выказваюцца за асноўныя правы чалавека, за права на выбар уласнага лёсу. Мы – эўрапейцы, гатовыя працягнуць руку патрабуючым.
Калі ўжо гаворка ідзе пра эўрапейцаў, то ці эканамічны крызыс не перашкодзіць у дзейнасьці фонду?
Кшыштаф Станоўскі: Крызыс - гэта найлепшы час, каб займацца палітыкай. Напрыклад, прыехаў новы міністар замежных справаў Нідэрляндаў - краіны, якая ўвяла ў бюджэтны закон вельмі жорсткія скарачэньні. Адзінай зьменай, уведзенай у бюджэт Нідэрляндаў, было павелічэньне выдаткаў на праграму падтрымкі дэмакратыі ў розных галінах. Вось, гэта крызыс. Падчас крызысу проста трэба вырашаць найважнейшыя справы.
- сказаў Кшыштаф Станоўскі, старшыня Фонду міжнароднай салідарнасьці.
аз