“Чытаю ў дарозе ... Гэрбэрта”

“Чытаю ў дарозе ... Гэрбэрта”


Паездка гарадзкой камунікацыяй можа быць прыемным імгненьнем зь літаратурай. Фундацыя імя Зьбігнева Гэрбэрта паспрабавала паказаць, што ў нашым маланкава хуткім сьвеце найлепшы час для кантакту з паэзіяй аўтара славутага “Пана Когіта” - гэта менавіта паездка.

Больш за 400 валянтэраў у розных гарадах Польшчы заахвочвалі на гэтым тыдні чытаць паэзію вядомага польскага пісьменьніка Зьбігнева Гэрбэрта, эсэіста, аўтара драматычных твораў і радыёпастановак, адной з цэнтральных фігур эўрапейскай паэзіі ХХ стагодзьдзя. Акцыя адбылася ў 17-ці гарадах. Мінакі атрымоўвалі кніжныя закладкі з фрагмэнтамі твораў Гэрбэрта.

У ролі валянтэраў выступілі вучні польскіх школ, якія носяць імя паэта. Іх можна было сустрэць у гарадзкім транспарце, на прыпынках і ў гарадзкой прасторы.

“Галоўная мэта кампаніі – гэта папуляразыцыя чытаньня”, – гаворыць старшыня Фундацыі імя Гэрбэрта Марыя Дзедушыцка.

М. Дзедушыцка: Гэтай акцыяй мы хочам заахвоціць усіх чытаць яго вершы й эсэ. Чаму ў дарозе? Творчасьць Гэрбэрта моцна зьвязаная з паездкамі, падарожжамі. Вандраваньне было яго хобі. Калі б ён не падарожнічаў, то не было б цудоўных зборнікаў яго эсэ, такіх, як “Варвар у садзе” й “Лябірынт на моры”. Таму заахвочваем усіх чытаць у дарозе, чытаць Гэрбэрта.

Адданасьць канонам клясычнай прыгажосьці, іранічная адвага й рамантызм духу вызначаюць паэзію Гэрбэрта, яго творчасьць носіць характар сапраўднага эўрапейскага гуманізму, з глыбокімі спазнаньнямі ў гісторыі культуры, з пачуцьцём каранёў і традыцый, з усьведамленьнем ролі інтэлекту, пазбаўленага ганарлівасьці й снабізму. На першы погляд, здавалася б, паэзія не для ўсіх, і тым больш не для чытаньня ў трамваі. Аднак варшаўскія школьнікі кажуць, што ў іх няма праблем з разуменьнем Гэрбэрта.

Дзяўчына: Гэта паэзія для ўсіх, ня толькі для маладых ці старэйшых. Яна вельмі арыгінальная. Кожны можа знайсьці у ёй штосьці для сябе. Сэнс яго вершаў зразумець вельмі проста.

Хлопец: Мне здаецца, што словы Гэрбэрта можна было б спакойна перакласьці на музыку рэп. У яго вершах вельмі глыбокі сэнс, багацьце слоў, і ўсё вельмі зразумела.

Акцыя “Чытаю ў дарозе ... Гэрбэрта” адбылася, між іншым, у Гданьску, Катавіцэ, Чэнстахове, Любліне й Кракаве. Партнэрамі кампаніі зьяўляюцца Нацыянальная бібліятэка й Інстытут Адама Міцкевіча, а Польскае радыё забясьпечвае інфармацыйную падтрымку акцыі.

Творы аднаго з найвыдатнейшых польскіх паэтаў і драматургаў ХХ стагодзьдзя Зьбігнева Гэрбэрта (1924—1998) перакладзеныя на шматлікія мовы сьвету. У 2009 годзе ў Беларусі выйшлі дзьве яго кнігі на беларускай мове “Спроба апісаньня” й “Рэканструкцыя паэта”.

дг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё