У Менску адбылася вечарына памяці Юрыя Гуменюка

У Менску адбылася вечарына памяці Юрыя Гуменюка


Пісьменнікі і сябры Юрыя Гуменюка, які трагічна загінуў 19 студзеня, правялі ў Менску вечарыну памяці паэта. Імпрэза адбывалася ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва. Сярод арганізатараў вечарыны - дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў.

- Вечарыну памяці Юрыя Гуменюка вёў Віктар Жыбуль. Я ў сваім слове згадваў паэта, казаў пра ягоную літаратурную спадчыну, пра тыя пасмяротныя кнігі, якія рыхтуюцца да друку. Казаў, што вельмі сумна, што Саюз беларускіх пісьменнікаў не праявіў актыўнасці ў справе ўшанавання памяці паэта.

Падчас імпрэзы было паказана відэа, на якім Юры Гуменюк чытае вершы на віцебскай мастацкай акцыі «Арт-прагноз -1996». У імпрэзе памяці ўдзельнічалі пісьменнікі - Альгерд Бахарэвіч, Юрась Барысевіч, Ілля Сін, Юрась Пацюпа і іншыя.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя